Мікалай Рой
Палітвязень
Дата нараджэння: 14 кастрычніка 1981
Дата затрымання: 16 жніўня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 357 Крымінальнага кодэкса — Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам
- арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
Вынік суда: 12 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Суддзя: Хрыпач Сяргей
Месца зняволення: ПК № 2
Справы: Справа Гайдукевіча
Іншыя пазнакі: Шматдзетныя бацькі
Мікалай Сяргеевіч Рой скончыў БДУІР, інжынер-сістэматэхнік. Доўгі час працаваў у РУП "Белтэлекам" па спецыяльнасці. Мае 4 дзяцей. Апошнім часам пражываў у Брэсце.
Паводле версіі абвінавачання, з 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года на тэрыторыі Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіны і іншых дзяржаў "была створана і дзейнічала арганізаваная злачынная група, асноўная мэта якой заключалася ва ўчыненні нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Злачынствы павінны былі здзяйсняць радыкальна настроеныя да дзейнай улады асобы, сярод якіх былыя дзейныя вайскоўцы, супрацоўнікі праваахоўных органаў, у першую чаргу падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, спартсмены рукапашнага бою, бізнесмены і іншыя, хто падзяляў погляды захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".
Утрымліваўся ў СІЗА-1.
У Мінскім гарадскім судзе 21 чэрвеня 2023 года абвесцілі прысуд. Па справе праходзіць 18 абвінавачаных, з якіх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай, а трох асудзілі завочна. Працэс цягнуўся чатыры з паловай месяцы. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў Мікалаю Сяргеевічу Рою — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Таксама па справе былі асуджаныя Вадзім Пракоп'еў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Сяргей Лісоўскі, Пётр Юркевіч, Павел Чыхінскі, Дзяніс Філончык, Віталь Вайцяховіч (бацька), Анастасія Вайцяховіч (жонка сына) і Вольга Вайцяховіч (жонка Віталя), Уладзіслаў Вайцяховіч (сын), Уладзімір Савянкоў, Дзмітрый Невяркевіч, Вольга Пятух, Сяргей Сакалоў, Эдуард Пястрак, Аляксей Міхайлаў.
Вярхоўны суд 29 верасня 2023 г. пачаў разглядаць апеляцыйныя скаргі палітвязняў па "справе Гайдукевіча". Працяг разглядаў быў 4 кастрычніка 2023 г. Вядома, што прысуд набыў моц і пачаў адбываць пакаранне, месца зняволення высвятляецца.
3 лістапада 2023 г. унесены МУС у "спіс экстрэмістаў".
У пачатку лістапада 2023 г. пераведзены ў ПК № 2.
Да 25 гадоў калоніі: па "справе Гайдукевіча" абвесцілі прысуд
"У сувязі з тым, што я падтрымаў прэзідэнта краіны". На судзе па справе аб тэрарызме дапыталі Алега Гайдукевіча
"Захоп дзяржаўнай улады павінен быў адбыцца на фоне дэстабілізацыі грамадскага парадку": суд па справе аб тэрарызме, па якой праходзіць 18 чалавек