Ірына Мельхер
індывідуальная прадпрымальніца і пенсіянерка
Палітзняволеная
Дата нараджэння: 20 жніўня 1955
Дата затрымання: 8 снежня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме
- арт. 289 Крымінальнага кодэкса — Акт тэрарызму
- ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — Замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам
Вынік суда: 17 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 31 сакавіка 2023
Суддзя: Філатаў Максім
Пракурор: Герасіменка Людміла, Рабаў Уладзімір
Месца зняволення: ПК № 4
Групы: Бізнесмены
Іншыя пазнакі: Пенсійны ўзрост, Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Справы: Справа Аўтуховіча
Заява аб прызнанні палітзняволенай
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Аніка Мертэн, дэпутатка нямецкага Бундэстага
Ірына Аляксандраўна Мельхер — індывідуальная прадпрымальніца і пенсіянерка, затрыманая разам з сынам Антонам Мельхерам. Ірыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акту тэрарызму, зробленая групай асобаў), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам). Таксама ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел 13 верасня 2020 года ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце.
Ірыну і Антона затрымалі ў сваім доме. Спачатку забралі Антона, Ірына паехала высвятляць, дзе ён знаходзіцца, а вярнулася са следчымі. Так, з дому забралі абаіх, а таксама ўсю камп'ютарную тэхніку. Муж Ірыны не мог нікому патэлефанаваць — ён застаўся са зламаным тэлефонам і хворымі нагамі (у той час ён перасоўваўся толькі з мыліцамі). Пра затрыманне даведаліся толькі дзякуючы суседзям, якія зайшлі праверыць, ці ўсё ў парадку.
Абедзве камеры, у якіх знаходзіліся Ірына і Антон, у поўным складзе перанеслі Covid-19. Ірына Мельхер у СІЗА КДБ амаль не спала, перанесла гіпертанічны крыз, яе самаадчуванне кожны дзень рабілася ўсё горшым.
У лютым 2021 года КДБ унёс палітзняволеную ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Утрымлівалася ў брэсцкім СІЗА-7, пасля была пераведзеная ў гродзенскую Турму № 1.
Разгляд справы распачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА гродзенскай Турмы № 1.
17 кастрычніка 2022 г. Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд фігурантам справы. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Ірыне Мельхер 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
У Вярхоўным судзе 31 сакавіка 2023 г. разглядзелі апеляцыйныя скаргі фігурантаў "справы Аўтуховіча". Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча прыняла рашэнне вызваліць Мікалая Аўтуховіча ад прызначанага пакарання праз заканчэнне тэрмінаў даўніны ў частцы асуджэння паводле арт. 295-3 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў), а Ірыну Гарачкіну — паводле ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства). У выніку Гарачкінай скарацілі тэрмін на 1 месяц, а Аўтуховічу пакінулі без зменаў. Астатнім палітвязням судовая калегія пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле.
12 траўня 2023 г. МУС уключыла палітзняволеную ў "Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
15 траўня 2023 г. Ірына Мельхер была этапавана ў жаночую ПК № 4 для адбыцця пакарання.
Да 25 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Аўтуховіча"
"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"
Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе
У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»