Мікалай Аўтуховіч
прадпрымальнік, грамадскі актывіст
Палітвязень
Дата нараджэння: 7 студзеня 1963
Дата затрымання: 1 снежня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
- арт. 295 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў
- арт. 357 Крымінальнага кодэкса — Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам
- арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
- арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве
- арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў
- арт. 289 Крымінальнага кодэкса — Акт тэрарызму
- ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй
- арт. 290 Крымінальнага кодэкса — Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму
- арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса — Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, узбраення, вайсковай тэхнікі
Вынік суда: 25 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 31 сакавіка 2023
Суддзя: Філатаў Максім
Пракурор: Герасіменка Людміла, Рабаў
Месца зняволення: Турма № 1
Групы: Актывісты, Бізнесмены
Справы: Справа Аўтуховіча
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Заява аб прызнанні палітвязнем
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Поль Галлес, альтэрнатыўны член дэлегацыі Люксембурга ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы
Мікалай Мікалаевіч Аўтуховіч — ветэран афганскай вайны, беларускі прадпрымальнік і грамадскі актывіст.
Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей, затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек.
Яго асудзілі па ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт.130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 290-2 КК (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч.1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў).
Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд — 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму (адбываць пакаранне будзе першыя 5 гадоў у турме, астатні тэрмін — у калоніі), штраф у памеры 1 000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), а таксама пазбаўленне звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.
Справу разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівалі намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.
20 кастрычніка 2022 г. палітвязня змясцілі на тыдзень у карцар. Прычыны невядомыя.
У Вярхоўным судзе 31 сакавіка 2023 г. разглядзелі апеляцыйныя скаргі фігурантаў "справы Аўтуховіча". Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча прыняла рашэнне вызваліць Мікалая Аўтуховіча ад прызначанага пакарання праз заканчэнне тэрмінаў даўніны ў частцы асуджэння паводле арт. 295-3 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў), а Ірыну Гарачкіну — паводле ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства). У выніку Гарачкінай скарацілі тэрмін на 1 месяц, а Аўтуховічу пакінулі без зменаў. Астатнім палітвязням судовая калегія пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле.
12 траўня 2023 г. МУС уключыла палітзняволенага ў "Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Вядома, што Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі. Сваякі загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі на Раство, але бандэроль так і не дайшла: "Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда". Паводле сваячкі, 30 снежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам: "Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але дагэтуль нічога не атрымаў: "А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся".
У чэрвені 2024 г. стала вядома, што з траіх фігурантаў "справы Аўтуховіча" — Мікалая Аўтоховіча, Паўла Савы і Галіны Дзербыш спагналі кампенсацыю "нанесенага ўрону". Па версіі следства, у выніку іх дзеянняў былі пашкоджаныя аўто і дом аднаго міліцыянта на агульную суму 35,8 тысячы рублёў, а таксама аўтамабіль другога — на 4,4 тысячы рублёў. Прызнаныя пацярпелымі сілавікі звярнуліся з патрабаваннямі аб кампенсацыі прычыненай ім шкоды і атрымалі кампенсацыю з бюджэту. У сваю чаргу пракурор Ваўкавыскага раёна прад'явіў пазовы аб спагнанні з Аўтуховіча, Савы і Дзербыш "сум прычыненага злачынствам урону ў парадку рэгрэсу". Гэтыя патрабаванні былі поўнасцю задаволены, рашэнні набылі законную моц.
18 лістапада 2024 г. выйшаў на сувязь са сваякамі і паведаміў, што адбыў 21 дзень у ШІЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі медычную дапамогу, хоць ён мае хранічныя захворванні. У камеры было вельмі халодна, толькі ў канцы тэрміну там адрамантавалі ацяпленне. У палітвязня забралі танометр, хаця ў яго быў дазвол на карыстанне. Таксама яго нерэгулярна выклікалі да лекара, калі прасіў дапамогі. Ён не шмат казаў пра здароўе, але гэтым разам сказаў, што "калі з ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спецыяльна". У Мікалая пухнуць ногі, таксама палітвязень пакутуе ад хваробы суставаў.
Да 25 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Аўтуховіча"
Храналогія суда:
У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»
Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе
«Вясна» распавядае, як праходзіць другі дзень суда па «справе Аўтуховіча».
«Рыхтаваліся захапіць расійскіх вайскоўцаў»: як праходзіць суд па «справе Аўтуховіча»
«Вясна» распавядае, што цяпер вядома пра суд і ў чым абвінавачваюць Аўтуховіча.
У судзе па «справе Аўтуховіча» пачынаецца допыт абвінавачаных
"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"
"Справа Аўтуховіча": спрэчкі бакоў скончыліся, прысуд будзе агучаны ў сярэдзіне кастрычніка
Судовае следства па справе скончанае, а прысуд агучаць 17 кастрычніка.