Уладзімір Лабковіч

юрыст "Вясны", асуджаны да 7 гадоў зняволення

Палітвязень

Дата нараджэння: 22 кастрычніка 1978

Дата затрымання: 14 ліпеня 2021

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 228 Крымінальнага кодэкса — Кантрабанда
  • ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак

Вынік суда: 7 гадоў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму

Дата пачатку адбыцця пакарання: 21 красавіка 2023

Суддзя: Запаснік Марына

Пракурор: Кароль Аляксандр

Месца зняволення: ПК № 17

Групы: Праваабаронцы, Юрысты і адвакаты

Справы: Справа "Вясны"

Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем

Сімвалічны(ая) хросны(ая): Штэфан Гельбхаар, дэпутат нямецкага Бундэстага

Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч — юрыст "Вясны", каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Далучыўся да працы праваабарончага цэнтра ў 1998 годзе як валанцёр, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001-м стаў паўнавартасным сябрам "Вясны".

Уладзімір быў затрыманы разам з жонкай Нінай Лабковіч 14 ліпеня 2021 г. пасля вобшуку ў іх кватэры. Пасля ператрусу Уладзіміра разам з Нінай павезлі ў ДФР, а затым на допыт у Следчы камітэт. 

За час зняволення ва Уладзя значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Уладзя дома чакае дачка і двое хлопчыкаў-блізнят. Праваабаронца ў лістах да калегаў вельмі хвалюецца, што яны растуць без яго і ён не можа прыняць удзел у іх выхаванні. 

26 верасня 2022 года стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, меркавана Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нясплата падаткаў) спыненая. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобах, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падаткавым агентам". Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за несплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Уладзь — фіналіст Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі "Праваабаронца года".

28 лістапада 2022 г. Генеральная пракуратура накіравала "справу Вясны" ў суд.

Разгляд справы пачаўся 5 студзеня 2023 г. у судзе Ленінскага раёна Мінска. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяць у віну.

Падчас суду Уладзь захварэў: кепска сябе адчуваў і меў высокую тэмпературу. Як мінімум двойчы яму выклікалі хуткую дапамогу.

13 лютага вясноўцы выступілі з апошнім словам.

3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна суддзя Марына Запаснік прызначыла:

  • старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.

Гэта на два гады менш, чым 9 лютага 2023 г. прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.

Прысуд яшчэ не набыў моц, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

На прысуд, вынесены вясноўцам, жорстка адрэагавалі іх калегі і іншыя праваабаронцы, міжнародная супольнасць і простыя беларусы. ААН з гэтай нагоды выступіла з заявай.

Пракурор Аляксандр Кароль падаў апеляцыйны пратэст на прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны": ён патрабаваў большыя на два гады тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд. Суддзя Святлана Бандарэнка разгледзела апеляцыйны пратэст на прысуд 21 красавіка 2023 г. у Мінскім гарадскім судзе: апеляцыйныя скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў пакінуты без задавальнення, выніковыя тэрміны не змяніліся.

2 траўня стала вядома, што праваабаронцу перавялі з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 17.

8 снежня 2023 г. МУС дадала Уладзя ў "спіс экстрэмістаў".

Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны"

Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Прысуд яшчэ не набыў моц, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

Уладзь Лабковіч: "Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста да мяне, як непераадольны"

13 лютага праваабаронцы выступілі з апошнімі словамі — на беларускай мове.

"Ягоны энтузіязм у праваабарончай дзейнасці атрымаў прадузятую ацэнку з боку абвінавачвання", — адвакатка Уладзіміра Лабковіча

Адвакат адзначае, што падчас папярэдняга расследавання была дапытаная велізарная колькасць сведак на прадмет вызначэння іх дачынення да ажыццяўлення незаконнага перамяшчэння грашовых сродкаў у буйным памеры. Тым не менш у матэрыялах крымінальнай справы няма ніводнага сведкі, які б у сваіх паказаннях паказаў на сваю датычнасць да злачыннай дзейнасці, і паказанні якога суд бы мог пакласці ў аснову прысуду. Абаронца Уладзіміра Лабковіча адзначае, што паказанні двух засакрэчаных сведак не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання.

Ад 9 да 12 гадоў калоніі: праваабаронцам "Вясны" запрасілі тэрміны

Дзяржаўнае абвінавачванне лічыць, што віна праваабаронцаў паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") цалкам даказаная.

"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў

Апошнім на судзе дапытвалі Уладзіміра Лабковіча: "Па сутнасці тых абвінавачванняў, якія мне былі прад'яўленыя, хачу звярнуць увагу, што з усіх матэрыялаў справы бачна, што паводле ч. 4 арт. 228 КК я ніякім чынам грашовых сродкаў не перамяшчаў, нікому такіх указанняў не даваў, не аб'ядноўваўся ў ніякую злачынную арганізаваную групу дзеля таго, каб гэтыя грошы перавозіць"..

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы.

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій — амаральная і нечалавечая". Як праходзіць суд па "справе Вясны"

Уладзь Лабковіч звярнуў увагу суда на тое, што ў матэрыялах справы ўтрымліваецца вялікая колькасць дакументаў без подпісаў і пячатак, якія і складаюць доказную базу па справе. Таксама праваабаронца адзначыў, што няправільна лічыць доказамі па справе заяўкі на атрыманне грантаў.

"555 дзён у смярдзючых катухах Валадаркі". Як праходзіць працэс па "справе Вясны"

Нягледзячы на тое, што суд праходзіць у адкрытым рэжыме, калегі вясноўцаў і незалежныя журналісты не могуць на яго патрапіць, бо яны пахаваныя ў турмы, выгнаныя з краіны і не могуць адкрыта ажыццяўляць сваю законную дзейнасць у Беларусі праз пагрозу пераследу. Таму разгляд справы адбываецца на інфармацыйна-прапагандысцкім фоне.

60 тамоў з 283 за некалькі дзён. Паскораны рэжым разгляду ў судзе "справы Вясны"

Па "справе Вясны" падчас следства было дапытана каля 100 сведак, але на сам суд выклікалі толькі некалькі чалавек. Астатнія сведкі ў суд не з'явіліся. На працэсе заявілі, што яны даслалі заявы аб разглядзе без іх прысутнасці. Абаронцы вясноўцаў заўважылі, што заявы напісаныя як пад капірку.

"Да якасці доказаў узнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных". Як два тыдні судзяць праваабаронцаў "Вясны"

Слухач падзяліўся разважаннямі пра судовы працэс над вясноўцамі, а праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова пракаментавала абвінавачванні калегам.

Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны"

Праваабаронцаў па-ранейшаму працягваюць утрымліваць на судзе ў кайданках. Канваіры зачыняюць падчас судовых пасяджэнняў дзверы на ключ знутры. Валянцін заявіў, што на судзе іх не кормяць. Праваабаронца адзначыў, што суддзя павінна думаць пра харчаванне абвінавачаных і не прызначаць судовыя пасяджэнні занадта часта.

Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"

Спецыяліст Мытнага камітэту на судзе заявіў, што нібыта з 2011 па 2021 год у інтарэсах ПЦ "Вясна" ў Беларусь было ўвезена два мільёны даляраў. Крымінальная адказнасць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкларавання была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты перыяд. Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачванне будзе пацвярджаць іх.

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пра суд над калегамі: "Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя"

"Гэтая мешаніна з фактаў, здагадак і дапушчэнняў можа быць прынята толькі тым судом, якога не хвалюе ані сутнасць працэсу правасуддзя, ані хаця б фармальныя патрабаванні, якія выстаўляюцца да гэтага працэсу".

Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх

Уладзь Лабковіч заявіў хадайніцтва аб перапынку ў судовым пасяджэнні ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Суддзя Запаснік выдалілася, каб высвятліць дадзеныя аб стане здароўя праваабаронцы, бо ў судзе, зразумела, вясновец ніякіх медыцынскіх дакументаў з СІЗА прадаставіць не змог. У выніку, суддзя звязаўшыся з супрацоўнікамі СІЗА, вырашыла, што Лабковіч ў стане ўдзельнічаць у працэсе.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

Сёння дапыталі галоўнага рэдактара выдання "Свабодныя навіны плюс" Васіля Зданюка. Ён паведаміў суду, што атрымліваў грошы ад Алены Лапцёнак за публікацыю артыкулаў аўтарства супрацоўнікаў Праваабарончага цэнтра. Сведку прад'явілі распіскі, згодна з якімі яму перадаваліся сумы больш за дзве тысячы еўра, але ён толькі здзівіўся ім і абурыўся, бо такія сумы ён не атрымліваў ніколі.

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Анлайн

Алесь Бяляцкі на пачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову. Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з расейскай на беларускую, матываваўшы гэта тым, што ў недастатковай ступені валодае рускай мовай.

Палітзняволены вясновец Уладзь Лабковіч — намінант на "Праваабаронцу года-2022"

Лаўрэата абвесцяць 11 студзеня, а сёння мы распавядаем пра нашага калегу Уладзя.

"Справу Вясны" накіравалі ў суд. Распавядаем, што праваабаронцам ставіцца ў віну

"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.

Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні

Ужо год і два месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1.

Уладзімір Лабковіч: “Вясна” – гэта унутраны свет, які ёсць у кожнага з нас"

22 кастрычніка палітзняволенаму праваабаронцу “Вясны” Уладзю Лабковічу спаўняецца 44 гады. Але паколькі ён не можа даць паўнавартаснае інтэрв’ю праз краты, таму мы знайшлі некалькі ягоных цытат з інтэрв'ю і ўспамінаў, якія не губляюць актуальнасці і цяпер. Так ягоны голас будзе гучаць побач, пакуль ён не выйдзе на волю і не распавядзе нам ужо новыя гісторыі.

"Уладзь казаў, што не хоча адзначаць другі Дзень народзінаў у такіх умовах", — Ніна Лабковіч 

Заўтра, 22 кастрычніка, палітзняволенаму каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзю Лабковічу споўніцца 44 гады — гэта ўжо другі Дзень народзінаў, які вясновец вымушаны сустракаць за кратамі. За 15 месяцаў зняволення ў яго моцна пагоршылася здароўе, праваабаронцу перыядычна блакуюць ліставанне, трое яго дзетак гадуюцца без бацькі. "Вясна" паразмаўляла з жонкай праваабаронцы Нінай пра яго стан і ўмовы ўтрымання, пра тое, як сям'я перажывае разрыў з ім і як можна павіншаваць праваабаронцу за кратамі.

"Я не мог уявіць, што, калі старэйшы брат будзе за кратамі, камусьці яго трэба будзе замяніць", – Мікалай Лабковіч

Мікалай Лабковіч распавёў "Вясне", як ён даведаўся пра затрыманне брата і ягонай жонкі 14 ліпеня мінулага году, як жыве сям’я Уладзіміра без яго, з якімі выклікамі сутыкаецца і як можна дапамагчы зняволенаму праваабаронцу і іншым палітвязням.

"Праваабаронца — не злачынца": год за кратамі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч

14 ліпеня — роўна год, як старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна cхопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць. Што вядома пра справу? Як прайшоў год за кратамі? Як можна падтрымаць праваабаронцаў "Вясны"? Пра ўсё гэта ў нашым матэрыяле.

Сямейныя гісторыі "вясноўцаў", якіх затрымалі год таму

Для сем'яў год таму з дамоў забралі не праваабаронцаў, а сужэнцаў і татаў. Таму сёння мы паглядзім на іх вачыма родных і даведаемся пра гісторыі каханняў, распавядзем пра тое, як Уладзь Лабковіч пазнаёміўся з жонкай Нінай падчас назірання за выбарамі, чаму пасля першага спаткання Валянцін Стэфановіч не верыў у працяг знаёмства з будучай жонкай Алінай, а таксама, чым Наталля Пінчук зачаравала Алеся Бяляцкага.

Урад Беларусі адказаў ААН па "справе Вясны": "Крымінальная пераслед не звязаны з іх працай па прасоўванні правоў чалавека"

На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН з’явіўся афіцыйны адказ урада Беларусі на запыт чатырох Спецыяльных дакладчыкаў па факце вобшукаў і затрыманняў праваабаронцаў, прадстаўнікоў НДА і незалежных СМІ, здзейсненых у ліпені 2021 года.

У Стакгольме прайшла фотаакцыя ў падтрымку палітзняволеных сябраў “Вясны”

17 лістапада праваабаронцы з “Ostgruppen — Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека” сфатаграфаваліся з банерам і фотаплакатамі палітзняволеных “вясноўцаў” у знак салідарнасці і іх падтрымкі.

“Не толькі Бродскі”: акцыя вершаў у падтрымку зняволенага вясноўца Уладзя Лабковіча

За кратамі на "Валадарцы" ўжо больш за чатыры месяцы ўтрымліваецца палітзняволены праваабаронца “Вясны” Уладзімір Лабковіч. У нядаўнім лісце Уладзь падзяліўся, што цяпер чытае вершы Бродскага, асабліва, “Письмо Генералу Z”, “Письмо Римскому другу”, “Сонет”.

Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч ужо 20 год з’яўляецца сябрам “Вясны” і амаль столькі ж — каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у Беларусі. Мэта кампаніі — незалежнае і непрадузятае назіранне за тым, ці было рэалізавана ў беларусаў іх права абіраць і быць абранымі падчас розных выбараў.

"Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець". Распавядаем пра шасцярых праваабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня

У "чорную сераду" 14 ліпеня па ўсёй Беларусі былі затрыманыя адзінаццаць праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былых сябры «Вясны». Ператрусы адбыліся ў офісе «Вясны» на Мяржынскага ў Мінску, гарадзенскім офісе арганізацыі, асветніцкай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў». У межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) у іх правялі ператрусы і дапыталі.

Адрас для лістоў: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»