Дзмітрый Дубоўскі
Палітвязень
Дата нараджэння: 29 ліпеня 1986
Дата затрымання: 29 кастрычніка 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 218 Крымінальнага кодэкса — Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры
- ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Хуліганства, здзейсненае групай асобаў
- арт. 295 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў
- арт. 289 Крымінальнага кодэкса — Акт тэрарызму
- арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса — Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, узбраення, вайсковай тэхнікі
Вынік суда: 20 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 1 сакавіка 2023
Суддзя: Тулейка Вячаслаў, Каляда Алег, Траццякова Наталля
Месца зняволення: Турма № 4
Групы: Актывісты
Справы: Справа анарха-партызан
Іншыя пазнакі: Турэмны рэжым
Заява аб прызнанні палітвязнем
Дзмітрый Мікалаевіч Дубоўскі — актывіст анархічнага руху, быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года.
Яго, а таксама Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава, абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці:
- ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму;
- ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
- ч. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў.
У лютым 2021 года КДБ унёс палітвязня ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд фігурантам гэтай крымінальнай справы. Дзмітрый Дубоўскі атрымаў 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. "Я застаюся ўнутрана свабодным". Апублікавана апошняе слова палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага.
Падчас спаткання у канцы снежня 2021 Дзмітрый распавёў сваёй сястры пра катаванні, якія ўжываліся да хлопцаў з "групы Аліневіча" пры затрыманні: "... майго брата душылі, надзяючы на галаву пакет, ён неаднаразова губляў прытомнасць... Ён спрабаваў апісаць, як са звязанымі за спінай рукамі яго як быццам адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў узгадаць, як называецца гэтае катаванне... Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сцяжак... Некалькі дзён у СІЗА КДБ не мог рухацца з-за пашкоджаных рэбраў... Сказаў, што ў Ігара зрэзалі скуру на пятках... Пачаў распавядаць пра Сяргея, што яму давялося парэзаць сабе руку".
Пасля ўтрымання ў мінскім СІЗА-1 на пачатку лютага 2022 Дзмітрый быў пераведзены ў віцебскі СІЗА-2. 16 сакавіка яго змясцілі ў ШІЗА, пазней тэрмін быў працягнуты да 5 красавіка. У сярэдзіне траўня 2022 года Дзмітрыя этапавалі з СІЗА-2 ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба), адміністрацыя якой паставіла палітвязня на прафілактычны ўлік як "схільнага да ўцёкаў". Вядома, што 29 ліпеня, у свой Дзень народзінаў, палітвязня закінулі ў штрафны ізалятар на 20 сутак. Праз гэта ён не трапіў на кароткатэрміновае спатканне з сястрой, прытым раней яго ўжо пазбавілі працяглага спаткання.
Вядома, што ў зняволенні Дзмітрый пачаў размаўляць на беларускай мове.
Супраць Дзмітрыя Дубоўскага распачалі новую крымінальную справу і на пачатку верасня 2022 г. перавялі з ПК № 3 у мінскі СІЗА-1. 15 лістапада 2022 года ў судзе Заводскага раёна г. Мінска распачаўся суд над палітвязнем па справе аб падзеях 2009 і 2010 года ў Мінску і Салігорску. 25 лістапада яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) і ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці). Суддзя Алег Каляда асудзіў Дзмітрыя да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праз тое, што раней мужчыну ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова Дзмітрыя Дубоўскага асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У сярэдзіне снежня палітвязня перавялі з СІЗА-1 у віцебскі СІЗА-2.
Вядома, што палітвязень стаіць на прафуліку як "схільны да ўцёкаў" і мае чырвоную бірку.
У Мінскім гарадскім судзе 7 лютага 2023 г. разглядзелі апеляцыйную скаргу Дзмітрыя: прысуд пакінулі ў сіле. 25 лютага 2023 г. палітзняволенага этапавалі ў ПК № 3.
У траўні 2023 г. Дзмітрый у лісце родным паведаміў, што амаль два месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, а з 3 траўня 2023 г. яго на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. За ўвесь час у зняволенні ён адбыў 110 сутак у штрафным ізалятары.
27 чэрвеня 2023 г. у Віцебску суддзя Наталля Траццякова перавяла палітвязня на турэмны рэжым за парушэнне правілаў распарадку. Дубоўскага этапавалі ў магілёўскую турму № 4.
Быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
"Я застаюся ўнутрана свабодным". Апублікавана апошняе слова палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага
Вынесены прысуд палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Канчатковы тэрмін — 20 гадоў калоніі
Асуджанага да 18 гадоў калоніі палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага судзяць зноў: гэтым разам — паводле падзей 12-гадовай даўніны
Анархіст Дзмітрый Дубоўскі: "Працягваю верыць, што ўсё гэта ненадоўга"
Ад 18 да 20 гадоў: у Мінску вынеслі прысуды анарха-партызанам
Сястра анархіста Дубоўскага: Калі ён выйдзе, абдыму яго, расцалую і буду плакаць