Аляксандр Францкевіч

актывіст анархісцкага руху

Палітвязень

Дата нараджэння: 6 траўня 1990

Дата затрымання: 13 жніўня 2020

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў
  • ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці
  • арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
  • арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
  • арт. 218 Крымінальнага кодэкса — Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры
  • ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Хуліганства, здзейсненае групай асобаў
  • арт. 341 Крымінальнага кодэкса — Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці
  • арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
  • арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
  • ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Асабліва злоснае хуліганства
  • арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў
  • ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй
  • арт. 411 Крымінальнага кодэкса — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках

Вынік суда: 17 гадоў і 9 месяцаў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму

Дата пачатку адбыцця пакарання: 15 сакавіка 2023

Суддзя: Хрыпач Сяргей

Пракурор: Бізюк Раман

Месца зняволення: СІЗА-6

Справы: "Рэвалюцыйнае дзеянне"

Групы: Актывісты

Іншыя пазнакі: Рэжым інкамунікада

Сімвалічны(ая) хросны(ая): Фабіян Маліна, сябра Нацыянальнай рады Швейцарыі

У спісе «тэрарыстаў» (грашовыя пераводы забароненыя)

Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч — актывіст анархісцкага руху, быў затрыманы 13 жніўня 2020 на выхадзе з пад'езду дома, дзе пражываў. 

Спачатку яму было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя масавых беспарадкаў». 28 студзеня 2021 стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць палітвязняў Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек узбуджана справа па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу — "Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой форме". Пасля абвінавачванне было перакваліфікаванае на ч. 1 арт. 285 — "Стварэнне або кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй".

У выніку Аляксандру інкрымінавалі наступныя артыкулы КК: ч. 1 арт. 293 — Арганізацыя масавых беспарадкаў; ч. 3 арт. 293 — Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці; ч. 1 арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; ч. 3 арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; ч. 3 арт. 218 — Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры; ч. 2 арт. 339 — Хуліганства, здзейсненае групай асобаў; арт. 341 — Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці; ч. 1 арт. 361-1 — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім; ч. 3 арт. 130 — Распальванне варожасці ці варажнечы; ч. 2 арт. 339 — Асабліва злоснае хуліганства; арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў; ч. 1 арт. 285 — Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй; ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 — Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.

11 студзеня 2022 справу, матэрыялы якой складаюць 160 тамоў, перадалі ў пракуратуру.

25 красавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы. Паводле хадайніцтва пракурора Рамана Бізюка суддзя Сяргей Хрыпач закрыў працэс. Прычына — "у матэрыялах крымінальнай справы ёсць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці".

Праз чатыры з паловай месяцы, 6 верасня 2022 г., быў вынесены прысуд Аляксандру: 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў).

28 лютага 2023 г. у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргі шасці фігурантаў, а тэрміны вясноўцаў Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама актывістаў анархісцкага руху Акіхіры Гаеўскага-Ханады і Аляксандра Францкевіча былі скарочаныя на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Аляксандра — 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

У сярэдзіне сакавіка 2023 г. Аляксандра этапавалі ў івацэвіцкую ПК № 5.

16 сакавіка 2023 г. КДБ уключыў палітзняволенага ў "тэрарыстычны спіс".

Праваабаронцам стала вядома, што 28 сакавіка 2023 г. адразу пасля "карантыну" яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Адразу яго адправілі на 10 сутак, а потым працягнулі тэрмін у ШІЗА. Таксама да палітвязня не можа патрапіць адвакат.

Вядома, што ў Аляксандра няма адной ныркі, таму такое працяглае ўтрыманне ў ШІЗА можа дрэнна адбіцца на яго здароўі.

Аляксандр ужо быў асуджаны раней, у 2011 годзе, па "справе анархістаў": 24 траўня суд Завадскога раёна Мінска асудзіў Францкевіча на 3 гады пазбаўлення волі, якія той адбываў у той жа івацэвіцкай калоніі. У кастрычніку 2011 года праваабаронцы прызналі Аліневіча, Дзядка і Францкевіча палітычнымі зняволенымі. Тады яго таксама амаль бесперапынна закідвалі ў ШІЗА.

26 траўня 2023 г. МУС унесла палітзняволенага ў "экстрэмісцкі спіс".

Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 г. Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода. Акрамя гэтага, агулам палітвязня ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 160 сутак.

Пераведзены ў ПК № 11

У траўні 2024 г. стала вядома, што супраць Аляксандра ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабавання адміністрацыі калоніі). Палітвязень доўгі час знаходзіўся ў ПКТ. Суд над ім распачаўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня 2024 г. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка, які прызначыў палітвязню яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Да апеляцыі Аляксандр утрымліваецца ў СІЗА № 6

19 ліпеня 2024 г. была затрыманая маці палітвязня — Таццяна Францкевіч. Яе абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні". Разам з ёй затрымалі яе сястру — Наталлю Лабацэвіч, маці былога палітвязня Іллі Лабацэвіча

24 верасня 2024 г. у Аляксандра ў Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Старшыня судовай калегіі Васіль Скок.

Пасля апеляцыі палітвязня накіравалі ў папраўчую калонію, але дагэтуль невядома ў якую. Таму фактычна больш за месяц (па стане на канец лістапада 2024 г.) нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра, яго ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада

Больш за месяц невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча

Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА-6, адкуль напачатку кастрычніка этапавалі ў калоніі, але якую — невядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбыцця пакарання. Таму фактычна больш за месяц нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра.

Палітвязню Аляксандру Францкевічу дадалі яшчэ год зняволення

У судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня адбыўся суд над палітвязням Аляксандрам Францкевічам, асуджаным раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў палітвязню яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Чацвёрты месяц. Палітвязню Аляксандру Францкевічу зноў працягнулі тэрмін у ШІЗА

У ШІЗА палітвязня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, куды яго змясцілі адразу пасля "каранціну". Цяпер Аляксандру працягнулі тэрмін у ШІЗА да 5 жніўня. Такім чынам, палітвязня бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.

Маці палітзняволенага Аляксандра Францкевіча: "Сын сказаў, што вытрывае ўсё годна"

6 верасня палітзняволенага актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча асудзілі да 17 гадоў калоніі. На наступны дзень на кароткатэрміновым спатканні з ім змагла сустрэцца ягоная мама.

"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі"

Тэлеграм-канал "Рэвалюцыйнага дзеяння" апублікаваў моцнае апошняе слова 32-гадовага палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча, асуджанага да рэкорднага турэмнага тэрміну па гэтай справе.

Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калоніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзняволеным

Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Пракурор Раман Бізюк запрасіў тэрміны фігурантам справы: ад пяці да 17 гадоў калоніі. Прысуды 6 верасня абвясціў суддзя Сяргей Хрыпач — ён прызначыў менавіта столькі, колькі запатрабавала дзяржабвінавачванне.

На "палітычных" судах ігнаравалі заявы пра катаванні. Што вядома пра суддзю і пракурора па справе над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі

"Вясна" распавядае, што вядома пра крымінальныя справы супраць палітвязняў, якія вялі суддзя Сяргей Хрыпач і пракурор Раман Бізюк.

Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым

На судзе Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец і Аляксандр Казлянка адмовіліся ўставаць, калі прадстаўляліся суду. Суддзя спытаў у Францкевіча, чаму ён не ўстае, той адказаў: "Не бачу сэнсу — і так сядзім".

Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў турмах. Стрыечныя браты Аляксандр Францкевіч і Ілля Лабацэвіч

Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей – так за кратамі апынаюцца браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы. Тыя, хто іх любіць, вымушаныя глядзець ім услед праз краты муроў і растапляць сваёй любоўю кайданкі няволі.

Палітвязня Аляксандра Францкевіча білі і катавалі электрашокерам у КДБ

Маці палітычнага зняволенага Аляксандра Францкевіча распавяла "Вясне", што ў дачыненні да яе сына ўжываліся катаванні.


Аляксандр Францкевіч таксама з'яўляўся палітвязнем з верасня 2010 па верасень 2013. 24 траўня 2011 году асуджаны Заводскім судом Мінска на 3 гады пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. Гэта была акцыя пратэсту супраць дзеянняў, якія давялі да самагубства праваабаронцу Яну Палякову. Таксама яго вінавацілі ў нападах на будынкі прафсаюзаў і Генеральнага штабу ў Мінску. Адбываў прысуд у івацэвіцкай калоніі «Ваўчыныя норы». Цалкам адбыў тэрмін пакарання.

Адрас для лістоў: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258В

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»