Віктар Бабарыка

банкір і грамадскі дзеяч, прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта

Палітвязень

Дата нараджэння: 9 лістапада 1963

Дата затрымання: 18 чэрвеня 2020

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 235 Крымінальнага кодэкса — Легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам
  • арт. 430 Крымінальнага кодэкса — Атрыманне хабару

Вынік суда: 14 гадоў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму

Суддзя: Любавіцкі Ігар

Пракурор: Гіргель Сяргей

Месца зняволення: ПК № 1

Групы: Палітыкі

Іншыя пазнакі: Рэжым інкамунікада, Сур’ёзныя праблемы са здароўем

Сімвалічны(ая) хросны(ая): Пятрас Аўстравічус , дэпутат Еўрапарламента і пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі

Цытата: "Мы не выбіраем часы, у якіх нам жыць. Але мы выбіраем шлях, які нам трэба прайсці".

Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка — заснавальнік Міжнароднага фонду дапамогі "Шанс", ініцыятар Міжнароднага тэатральнага форуму "Тэарт", ініцыятар праекта "Арт-Беларусь", у рамках якога ў нашу краіну былі вернутыя работы Шагала, Суціна і іншых вядомых мастакоў. Пры яго садзейнічанні ў Беларусь быў вернуты арыгінал Бібліі Францыска Скарыны. Ініцыятар стварэння культурнага хаба ОК16, унікальнай пляцоўкі прасоўвання культурных праектаў. Прафінансаваў выданне 15 000 асобнікаў пяцітомніка для перадачы ў дар беларускім бібліятэкам.

У 1988 годзе скончыў механіка-матэматычны факультэт БДУ. Працоўную дзейнасць пачынаў у НВА парашковай металургіі, адкуль сышоў у 1995 годзе з пасады начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў. У гэтым жа годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў Беларусі, а праз пяць гадоў — магістратуру БДЭУ. У банкаўскай сістэме Беларусі працаваў з 1995 года, у 2005 годзе стаў старшынёй праўлення ААТ "Белгазпрамбанка" (за 20 гадоў кіравання Бабарыкі ён увайшоў у пяцёрку найбуйнейшых банкаў краіны). У 2008 годзе атрымаў дыплом камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА "За вялікі ўнёсак у развіццё інтэрнацыянальных культурных сувязяў".

12 траўня 2020 г. Віктар Бабарыка выйшаў з складу праўлення "Белгазпрамбанка" і звольніўся з пасады старшыні праўлення па ўласным жаданні. У той жа дзень паведаміў аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. За кароткі тэрмін Бабарыка стварыў другую па колькасці ініцыятыўную групу (каля 9 тысяч чалавек, у той час як у Лукашэнкі было 11 тысяч чалавек). Таксама ён паставіў рэкорд па колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле звестак ягонага штаба, іх было сабрана больш за 430 тысяч, а пададзена ў ЦВК — 365 тысяч. Кандыдатуру Бабарыкі падтрымалі вядомыя беларусы: нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, рэжысёр Андрэй Курэйчык, палітыкі Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў.

11 чэрвеня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прыйшлі з ператрусам у галоўны офісе Белгазпрамбанка. Далей некалькі былых і цяперашніх яго супрацоўнікаў былі затрыманыя па справе аб адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў. 15 чэрвеня Нацбанк увёў у Белгазпрамбанку часовую адміністрацыю.

Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г. разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР "праводзіліся вучэнні". У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

21 чэрвеня Віктару Бабарыку было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 ("Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры"), ч. 2 арт. 235 ("Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, здзейсненае паўторна, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры"), а таксама па ч. 2 арт. 431 ("Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры").

Віктар Бабарыка быў "катэгарычна не згодны з прад'яўленым абвінавачваннем", а яго абаронцы настойвалі "на яго поўнай невінаватасці".

Пазней абвінавачванне па ч. 2 арт. 431 КК ("Дача хабару паўторна або ў буйной суме") было перакваліфікавана на ч. 3 арт. 430 ("Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча"). Таксама яму было прад'яўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 235 ("Легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва крупным памеры").


У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня 2021 г. абвесцілі прысуды па гучнай і рэзананснай "справе Белгазпрамбанка", фігурантам якой з'яўляецца палітзняволены экс-банкір, былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка. Для яго пракурор Сяргей Гіргель запрасіў 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі пакараў яго 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы Віктара Бабарыку вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Акрамя гэтага, палітвязня пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёй (пяць тысяч базавых велічыняў), а таксама ён павінен будзе выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду. Таксама Віктара пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады на некаторы час. Віктар Бабарыка віну не прызнаў. 


У зняволенні Віктар Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Ён атрымоўваў 1 рубель 60 капеек, але яму павысілі заробак у 35 разоў — да 50 рублёў. Ён увесь час мусіў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30. Вядома, што з 1 па 11 траўня 2022 г. Віктара ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.

У траўні 2022 г. Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу ад імя Віктара Бабарыкі. У звароце юрысты просяць прызнаць парушэнні правоў палітзняволенага (як мінімум 11), а таксама абавязкі дзяржавы вызваліць яго і ліквідаваць наступствы неправамернага асуджэння.

Віктара змяшчалі на 10 сутак у ШІЗА ў чэрвені: праз "канфлікт з сукамернікам", які выяўляўся ў тым, што мужчыны размаўлялі на падвышаных танах. 

У лістападзе стала вядома, што цяпер палітвязень выпальвае драўняны вугаль. Поўны 9-гадзінавы працоўны дзень 6 дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы, без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Вядома, што Віктар мае медыцынскія супрацьпаказанні для такога кшталту працы.

У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 г. Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Таксама стала вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, калі дакладна гэта адбылося — невядома. Да таго ж паведамлялася, што доўгі час зімой Бабарыка правёў у ШІЗА.

З пятага лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада.

Камітэт па правах чалавека прызнаў парушэнне права на свабоду Віктара Бабарыкі пры затрыманні

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў 31 кастрычніка 2023 рашэнне (меркаванне) па скарзе палітзняволенага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі, прызнаўшы парушэнне яго права на свабоду, што гарантаванае артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"На ўсе абследаванні суправаджалі канваіры". З'явіліся падрабязнасці пра шпіталізацыю Віктара Бабарыкі напрыканцы красавіка

Чалавек, які атрымаў звесткі ад відавочцы падзей, якія разгортваліся ў шпіталі напрыканцы красавіка з Віктарам Бабарыкам, распавёў праваабаронцам "Вясны" падрабязнасці інцыдэнту.

Па дзевяць гадзін, шэсць дзён на тыдзень, узімку — увесь час на вуліцы. Як улады гадамі здзекуюцца з Віктара Бабарыкі ў калоніі

Палітзняволены Віктар Бабарыка шпіталяваны: яго перавезлі з калоніі ў хірургічнае аддзяленне шпіталя Наваполацка. Распавядаем, з якім ціскам дзень за днём палітык сутыкаецца ў зняволенні: ад катаржных умоваў працы да сацыяльнай ізаляцыі і бесперапыннага змяшчэння ў ШІЗА.

14 гадоў калоніі, штраф і пазбаўленне права займаць кіраўнічыя пасады — агучылі прысуд палітзняволенаму экс-банкіру Віктару Бабарыку

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня агучылі прысуды па гучнай і рэзананснай «справе Белгазпрамбанка», фігурантам якой з'яўляецца палітзняволены экс-банкір, былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка.

 

Адрас для лістоў: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»