Уладзімір Тычынскі
Палітвязень
Дата нараджэння: 28 сакавіка 1970
Дата затрымання: 31 траўня 2023
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці
Вынік суда: 2 гады і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Клімаў Павел
Месца зняволення: ПК № 22
Групы: Бізнесмены
Іншыя пазнакі: Вайна ва Украіне
Уладзімір Пятровіч Тычынскі — прадпрымальнік з Магілёва, быў затрыманы 31 траўня 2023 года, дома ў яго правялі вобшук. На рэгіянальным дзяржканале заявілі, што Тычынскі «быў прыхільнікам укра-нацысцкіх фармаванняў», а таксама што «ездзіў з украінскай нацыяналістычнай сімволікай у сваім аўто». Пад апошнім маецца на ўвазе афіцыйны сцяг Украіны.
У выніку на Уладзіміра завялі крымінальную справу паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яму ставяць у віну тое, што ў красавіку 2022 года ён зняў на свой мабільны тэлефон перамяшчэнне расейскай вайсковай Z-тэхнікі і адправіў відэа ў медыя, прызнанае ўладамі "экстрэмісцкім".
Уладзіміра змясцілі ў турму № 4.
Магілёўскі абласны суд 15 жніўня 2023 г. вынес прысуд Уладзіміру Тычынскаму. Суддзя Павел Клімаў прызнаў мужчыну вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК) і прыгаварыў Тычынскага да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
24 кастрычніка 2023 г. адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Уладзіміра ў Вярхоўным судзе. Старшыня калегіі Пётр Лістраценка. Вядома, што прысуд набыў моц і Уладзімір пачаў адбываць пакаранне, месца зняволення высвятляецца.
3 лістапада 2023 г. унесены МУС у "спіс экстрэмістаў".
Адбывае тэрмін у ПК № 22.
Прадпрымальніка з Магілёва асудзілі за фота перамяшчэння расейскай ваеннай Z-тэхнікі