Уладзімір Гундар

Палітвязень

Дата нараджэння: 28 траўня 1960

Дата затрымання: 30 снежня 2020

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
  • арт. 366 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак
  • ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй
  • ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — Замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам

Вынік суда: 20 гадоў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму

Суддзя: Беразюк Сяргей, Філатаў Максім

Пракурор: Герасіменка Людміла, Рабаў Уладзімір, Шчарбіна Юлія

Месца зняволення: Турма № 4

Групы: Актывісты

Справы: Справа Аўтуховіча

Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем, Турэмны рэжым

Уладзімір Гундар. Фота: Радыё Свабода

Уладзімір Тадэвушавіч Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па "справе Аўтуховіча" — нібыта за падрыхтоўку тэракту.

Першы суд па крымінальнай справе над ім прайшоў у траўні 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 366 (гвалт у дачыненні да службовай асобы). Брэсцкі абласны суд 20 траўня 2021 года асудзіў Гундара да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сцвярджалася, што падчас вобшуку пры затрыманні мужчына пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон. У межах "справы Аўтуховіча" Гундара спачатку вінавацілі ў тэрарызме, але пазней гэты артыкул быў зняты.

Знаходзіўся ў СІЗА-7, у снежні 2021 стала вядома аб пераводзе ў Турму № 1. Вядома, што ўвесь час у зняволенні на Уладзіміра ціснулі: яго змяшчалі ў карцар, а аднойчы падчас этапу прымусілі ісці без мыліц. Таксама палітзняволены пісаў, што ў яго забралі ўсе лісты.

Разгляд "справы Аўтуховіча" распачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА гродзенскай Турмы № 1. Суддзя — Максім Філатаў. Гундару інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Сваю віну палітвязень не прызнае.

8 чэрвеня 2022 перайшлі да допыту Уладзіміра Гундара, але ён адмовіўся ад дачы паказанняў і адказваў на пытанні толькі сваёй адвакаткі. Падчас працэсу ён распавёў пра збіванне падчас затрымання:

«Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне як да тэрарыста, патрабавалі прызнання ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Увесь час пыталіся: "Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?"»

Паведамлялася, што на адным з чэрвеньскіх пасяджэнняў Уладзіміра змясцілі ў клетку ў адных майтках, а рукі прышпілілі кайданкамі да кратаў у расцяжцы. Гундара змясцілі ў карцар, дзе палітвязень 30 чэрвеня 2022 г. абвесціў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагаваў на ягоныя патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам. Пасля 11 дзён галадоўкі ён пачаў пакрысе прымаць ежу.

1 жніўня стала вядома, што Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар на 6 сутак. Прычына ў тым, што ён падчас праверак адмаўляўся казаць пра сябе, што "схільны да экстрэмізму". У канцы жніўня палітвязню прызначылі яшчэ 7 сутак карцару. Увечары 17 верасня Уладзіміра ізноў змясцілі ў карцар на 10 сутак. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі "нізкага сацыяльнага статусу". На знак пратэсту Гундар абвяшчаў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання.

17 кастрычніка 2022 г. Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд фігурантам справы. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Гундару 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

У сярэдзіне снежня з'явілася інфармацыя, што супраць Уладзіміра распачалі крымінальную справу за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменкі паводле арт. 369 КК. Працэс над палітзняволеным распачаўся 31 студзеня 2023 г. у судзе Ленінскага раёна Гродна.

У Вярхоўным судзе 31 сакавіка 2023 г. разглядзелі апеляцыйныя скаргі фігурантаў "справы Аўтуховіча". Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча прыняла рашэнне вызваліць Мікалая Аўтуховіча ад прызначанага пакарання праз заканчэнне тэрмінаў даўніны ў частцы асуджэння паводле арт. 295-3 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў), а Ірыну Гарачкіну — паводле ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства). У выніку Гарачкінай скарацілі тэрмін на 1 месяц, а Аўтуховічу пакінулі без зменаў. Астатнім палітвязням судовая калегія пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле.

Суддзя Алена Пятрова 17 красавіка 2023 г. прызнала палітвязня вінаватым у абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па "справе Аўтуховіча", і прызначыла Уладзіміру Гундару яшчэ два з паловай гады пазбаўлення волі — менавіта столькі і прасіла пракурорка Юлія Шчарбіна. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

З 29 красавіка па 6 траўня 2023 г. Гундара ўтрымлівалі ў карцары Турмы № 1, дзе ён стаў дрэнна чуць у апошні дзень тэрміну. Пасля выхаду, яго стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова. Пазней стала вядома, што да палітвязня часткова вярнуўся слых пасля агляду і дапамогі лекара.

12 траўня 2023 г. МУС уключыла палітзняволенага ў "Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Адбывае пакаранне ў ПК № 2.

У апошнім лісце Уладзімір напісаў, што яго ўжо двойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар: спачатку на чатыры дні, а праз два дні пасля выхаду — яшчэ на тры дні. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны.

Таксама палітвязень піша, што страчаны ў карцары слых да яго вярнуўся, але не цалкам — ён недачувае.

10 кастрычніка 2023 г. стала вядома, што Ўладзіміра адправілі з бабруйскай калоніі №2 у магілёўскую турму №4.

Сувязі з палітвязнем дагэтуль няма. Блізкія не атрымлівалі ад Гундара ні лістоў, ні званкоў з 3 жніўня. Чаму і за што палітвязня перавялі на турэмны рэжым, і ці быў папярэдне суд, ім таксама не паведамілі. Адвакатцы Гундара, якая хацела сустрэцца з ім напрыканцы верасня, адмовілі ў сустрэчы.

Трымаюць палітвязня ў адзіночнай камеры. Спачатку яго выводзілі на прагулкі на мыліцах, але потым гэта стала немагчыма, сцерліся гумавыя наканечнікі мыліц, а замяніць іх там няма чым. Сваякі сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома. Ужо тры тыдні ад Гундара няма лістоў, адзіны званок быў у лістападзе. Сваякі толькі ведаюць, што пасылка была падпісаная і спадзяюцца, што ён урэшце яе атрымае. Бо да таго прагулкі немагчымыя.

Напрыканцы ліпеня 2024 г. стала вядома, што палітзняволенага пазбавілі чарговага кароткатэрміновага спаткання. За якую правіннасць, сам Гундар не ведае. Спатканне мусіла адбыцца ў верасні. 

Палітвязня Уладзіміра Гундара асудзілі да 2,5 гадоў зняволення па трэцяй крымінальнай справе

У сярэдзіне снежня стала вядома, што супраць Уладзіміра распачалі яшчэ адну справу. Гэты разам яго абвінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі (арт. 369 КК), якая прадстаўляла абвінавачванне па "справе Аўтуховіча" — нібыта падчас суда Гундар "абразліва" выказаўся ў яе адрас. "Гэта адбылося, пэўна, тады, калі Уладзіміра прынеслі на працэс распранутым. Ён нешта крычаў, але неразборліва", — пракаментавала прысутная на тым судовым паседжанні жонка Гундара Алена Гундар.

Да 25 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Аўтуховіча"

Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка агучыў прысуды па рэзананснай "справе Аўтуховіча". Працэс доўжыўся пяць месяцаў. Суддзя Максім Філатаў прызначыў ім ад 2,5 да 25 гадоў калоніі.

"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"

З першага судовага пасяджэння Гундара выдалілі за тое, што ён каментаваў працэс, а пасля перапынку адразу пачаў спяваць гімн Беларускай Народнай Рэспублікі: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Суддзя тады ўважліва даслухаў — і загадаў, каб Гундара вывелі. Вядома, што Гундар размаўляе ў судзе на беларускай мове.

Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе

На судзе гучыць інфармацыя, што Гундар разам з Аўтуховічам дапамагаў у аб'яднанні іх групоўкі з міжнароднай злачыннай арганізацыяй. Нібыта абвінавачаныя па нелегальным калідоры ездзілі ва Украіну, дзе мясцовыя спецслужбы прызначылі Аўтуховіча «кіраўніком іх ячэйкі на тэрыторыі Беларусі». Усё гэта нібыта «стваралася менавіта для тэрактаў і захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»

Мікалай Аўтуховіч заявіў суддзі адвод. Ён запатрабаваў замены Максіма Філатава, аднак заявіў, што будзе заяўляць адвод і любому іншаму суддзі, якога прызначаць замест яго. Пасля нарады Філатаў адмовіў у адводзе, бо для гэтага «няма падстаў». Уладзімір Гундар паступіў аналагічна, але суддзя адмовіў і яму. Пасля перапынку ў судзе стала вядома, што Гундара выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку» да заканчэння разгляду справы.

Вынесены прысуд актывісту і краязнаўцу Уладзіміру Гундару, якога звязваюць са "справай Аўтуховіча аб тэракце"

Брэсцкі абласны суд 20 траўня абвясціў прысуд вядомаму актывісту з Баранавічаў Уладзіміру Гундару.

Адрас для лістоў: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»