Сцяпан Сяргеевіч Латыпаў — арбарыст і дырэктар кампаніі “Беларбо”, жыхар дома каля "Плошчы Перамен" у Мінску.
Быў затрыманы 15 верасня 2020 года ў двары жылога масіва па вул. Чарвякова ў Мінску супрацоўнікамі АМАПу. У яго кватэры адбыўся ператрус.
Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што Сцяпан Латыпаў затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). 19 верасня ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, дзе сцвярджалася, што Сцяпан Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчывы супраць супрацоўнікаў міліцыі.
Пазней Латыпаву прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
- ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
- ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).
Сцяпан Латыпаў заявіў у судзе, што не прызнае віны ні па адным эпізодзе.
1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас пасяджэння, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла ручку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
У судзе Савецкага раёну Мінску 16 жніўня 2021 г. вынеслі прысуд 41-гадоваму палітзняволенаму жыхару "Плошчы Пераменаў" і арбарысту Сцяпану Латыпаву. Суддзя Аляксандр Волк прызнаў палітвязня вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: , , . Яго абвінавацілі ў стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі "Беларбо" яго прызналі вінаватым ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін. Сам Сцяпан на судзе не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. Суд Савецкага раёна прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 300 базавых велічыняў. Менавіта такое пакаранне прасіў прызначыць пракурор Уладзімір Рабаў.
16 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд Сцяпану Латыпаву: вышэйшая інстанцыя пакінула рашэнне суда Савецкага раёна ў сіле. 22 лістапада 2021 г. Сцяпана этапавалі ў івацэвіцкую ПК №22.
Вядома, што ў лютым 2022 года палітвязня на 27 дзён змяшчалі ў ШІЗА.
На палітзняволенага ўвесь час цісне адміністрацыя калоніі: прыкладна ў сярэдзіне траўня 2022 г. Сцяпана змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў. Вядома, што Латыпаў у калоніі глытаў лязо і рэзаў вену на знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі.
У судзе Івацэвіцкага раёна 15 верасня 2022 г. адбыўся суд па замене палітвязню пакарання на больш жорсткае. Вядома, што адміністрацыя калоніі патрабавала, каб Сцяпана перавялі ў турму на тры гады, але суддзя Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці яго на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. У канцы верасня палітвязня перавялі з ПК № 22 у магілёўскую Турму № 4.
У пачатку сакавіка 2024 г. стала вядома, што Сцяпан у турме захварэў на цынгу. Гэтае захворванне звязанае з нястачай вітаміну С. Пры адсутнасці вітаміну яна можа развіцца за чатыры тыдні, пры недахопе – за чатыры месяцы. На фоне зніжэння імунітэту характарызуецца ломкасцю сасудаў, кроватачывасцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.
Палітзняволены Сцяпан Латыпаў у ліпені на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ, паведамляецца на яго Instagram-старонцы. Палітвязень пратэставаў супраць блакавання ліставання і змяшчэння палітвязняў у ШІЗА. За гэта ён атрымаў 17 сутак у штрафным ізалятары. Вядома, што Сцяпана змяшчалі ў івацэвіцкую лякарню пасля таго, як эн праглынуў лязо, а пасля парэзу накладалі швы на руку.