Галіна Дзербыш
Палітзняволеная
Дата нараджэння: 5 жніўня 1961
Дата затрымання: 10 снежня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме
- арт. 289 Крымінальнага кодэкса — Акт тэрарызму
- ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — Замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам
Вынік суда: 20 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 31 сакавіка 2023
Суддзя: Філатаў Максім
Пракурор: Герасіменка Людміла, Рабаў Уладзімір
Месца зняволення: ПК № 4
Групы: Актывісты
Іншыя пазнакі: Пенсійны ўзрост, Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Справы: Справа Аўтуховіча
Заява аб прызнанні палітзняволенай
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Эва Эрнст-Дзедзіч, дэпутатка Аўстрыйскай нацыянальнай рады
Галіна Іванаўна Дзербыш — пенсіянерка з аграгарадка Абухава Гродзенскага раёна, мае анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Усё жыццё яна працавала бухгалтаркай у калгасе, на пенсіі займалася гаспадаркай. Амаль 15 гадоў жанчына была незалежнай назіральніцай на выбарах, неаднаразова фіксавала парушэнні падчас кампаній. Акрамя таго, змагалася за правы і адстойвала іх перад чыноўнікамі.
У лютым 2021 года КДБ унёс палітзняволеную ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
"Мама піша, што ў турме шмат людзей з паламанымі лёсамі. Нядаўна да яе падсяліў маладую дзяўчыну. Мама чалавек ранімы, цяжка ўявіць, што ў яе на душы цяпер. У зняволенні стаўленне да яе нармальнае, нават папрасіла мяне напісаць падзяку ў турму. Кажа, што наглядчыкі ў шоку ад таго, што адбываецца, называюць яе "наша бабуля-тэрарыстка". Піша пра здароўе, якое ў яе пагоршыўся", — распавядала яе дачка.
Дома ў яе 15 катоў-падкідышаў за якімі яна прыглядала, куры, трусы, сабака і шмат кветак. Каты ў апошні час хварэюць. "Я ім кажу: і не думайце паміраць, трэба дачакацца гаспадыню!" — кажа дачка Галіны.
Разгляд справы распачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА гродзенскай Турмы № 1. Суддзя — Максім Філатаў. На працэсе стала вядома, што Галіну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Жанчына цалкам не прызнала сваю віну.
На адным з пасяджэнняў Галіна заявіла, што падчас следства ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу. Акрамя гэтага, яе змяшчалі ў карцар тэрмінам на 10 сутак, там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў траціла прытомнасць. 26 ліпеня Галіну Дзербыш змясцілі на 7 сутак у карцар, бо яна адмаўлялася праходзіць "рамку": перад пасяджэннямі абвінавачаных прымушаюць раздзявацца і праходзіць праз сканер.
17 кастрычніка 2022 г. Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд фігурантам справы. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Галіне Дзербыш 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
У Вярхоўным судзе 31 сакавіка 2023 г. разглядзелі апеляцыйныя скаргі фігурантаў "справы Аўтуховіча". Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча прыняла рашэнне вызваліць Мікалая Аўтуховіча ад прызначанага пакарання праз заканчэнне тэрмінаў даўніны ў частцы асуджэння паводле арт. 295-3 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў), а Ірыну Гарачкіну — паводле ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства). У выніку Гарачкінай скарацілі тэрмін на 1 месяц, а Аўтуховічу пакінулі без зменаў. Астатнім палітвязням судовая калегія пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле.
12 траўня 2023 г. МУС уключыла палітзняволеную ў "Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
У сярэдзіне траўня 2023 г. стала вядома, што палітзняволеная была этапавана ў ПК № 4.
У чэрвені 2024 г. стала вядома, што с траіх фігурантаў "справы Аўтуховіча" — Мікалая Аўтоховіча, Паўла Савы і Галіны Дзербыш спагналі кампенсацыю "нанесенага ўрону". Па версіі следства, у выніку іх дзеянняў былі пашкоджаныя аўто і дом аднаго міліцыянта на агульную суму 35,8 тысячы рублёў, а таксама аўтамабіль другога — на 4,4 тысячы рублёў. Прызнаныя пацярпелымі сілавікі звярнуліся з патрабаваннямі аб кампенсацыі прычыненай ім шкоды і атрымалі кампенсацыю з бюджэту. У сваю чаргу пракурор Ваўкавыскага раёна прад'явіў пазовы аб спагнанні з Аўтуховіча, Савы і Дзербыш "сум прычыненага злачынствам урону ў парадку рэгрэсу". Гэтыя патрабаванні былі поўнасцю задаволены, рашэнні ўступілі ў законную сілу.
Яе называлі Маці Тэрэза: з пенсіянеркі зрабілі тэрарыста па "справе Аўтуховіча"
Да 25 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Аўтуховіча"
"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"
Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе
У гродзенскай турме пачаўся суд па справе "групы Аўтуховіча"