Томаш Бяроза
Палітвязень
Дата затрымання: 18 жніўня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса — Агентурная дзейнасць
- арт. 358 Крымінальнага кодэксу — Шпіянаж
Вынік суда: 14 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Суддзя: Беразюк Сяргей
Месца зняволення: ПК № 22
Іншыя пазнакі: Замежныя грамадзяне
Томаш Бяроза — грамадзянін Польшчы. Жыў у Кобрыне, мае жонку-беларуску з Кобрынскага раёна.
Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі яго справу паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Вынік суда — 14 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адбывае тэрмін у ПК № 22.
Маёмасць Томаша (прычэп) была арыштаваная, як у даўжніка, і прадавалася з аўкцыёну 25 красавіка 2024 г.
У Томаша ёсць двое маленькіх дзяцей.
На дзяржтэлеканале "Беларусь 1" 3 снежня прапагандысты апублікавалі фільм "Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі". Размова з Томашам была знятая ў агароджаным кратамі месцы, падобным на прагулачны дворык СІЗА КДБ у Мінску. Мужчына распавёў, што пяць гадоў меў зносіны з нейкім Пятром, потым той прывёз сябра, які прадставіўся як Гжэгаж — і ён меў зносіны ўжо з ім. Са словаў Бярозы, усё пачалося "дзесьці ў 2009-2010 годзе". На адной з сустрэч Пётр сказаў, што з'яўляецца супрацоўнікам польскай вайсковай выведкі. Ён пытаўся пра кошты ў краме, адсоткі ў банку, што людзі кажуць і як ставяцца да ўлады. На відэа Бяроза кажа, што яму паабяцалі: у выпадку праблем польскі ўрад яго забярэ дадому, для гэтага ён пісаў распіску аб супрацоўніцтве. Потым паказалі аператыўную здымку праверкі паказанняў на месцы — там Бяроза распавядае, як хаваў ля слупа ў Берасці "скрынку з грашыма". А каля памежнага перахода "Казловічы" фатаграфаваў месца магчымай закладкі "на просьбу "Гжэгажа". Таксама згодна з заданнем некалькі гадзін назіраў за стаянкай ля Брэсцкага бізнес-цэнтра "Цэльсій". У сюжэце паведамілі, што паляк мусіў перадаць грошы Пазнякову "для ўцёкаў". Ён адправіў мужчыну па пошце мяккую цацку з шасцю тысячамі долараў — пазначыў выдуманае імя. Потым у фільме прадэманстравалі затрыманне Бярозы 18 жніўня 2022 года.
У эфіры БТ паказалі фільм пра палітвязняў палякаў і былога вайскоўца, асуджанага за "здраду дзяржаве"
Грамадзяніна Польшчы асудзілі да 14 гадоў калоніі за "шпіянаж" і "агентурную дзейнасць"