Павел Харытонаў
Палітвязень
Дата нараджэння: 5 ліпеня 1978
Дата затрымання: 28 чэрвеня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса — Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання
Вынік суда: 5 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Брысіна Жанна
Месца зняволення: ПК № 3
Справы: Данаты
Павел Уладзіміравіч Харытонаў затрыманы па абвінавачванні па арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі. Як распавёў былы сукамернік Паўла, яго асудзілі за адзін данат у памеры 20 даляраў у нейкую ініцыятыву, якую ў далейшым прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Ахвяраванне на дапамогу, меркавана, пацярпелым ад рэпрэсій, было зроблена яшчэ ў 2021 годзе, калі ініцыятава не была яшчэ прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем".
Па справе адбылося восем пасяджэнняў, яе разглядалі два месяцы — з лістапада па студзень. Пад вартай Павел утрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага.
23 студзеня 2023 г. Жанна Брысіна вынесла прысуд Паўлу ў Мінскім гарадскім судзе — 5 гадоў калоніі і 500 базавых велічынь штрафу.
28 красавіка 2023 году ягоны прысуд набыў моц пасля апеляцыі.
"Сам ён вельмі інтэлегентны. У СІЗА займаўся спортам і добра маляваў. Ён быў у камеры самы моцны ў гульні па шахматах — у яго вельмі развіта інтэлектуальнае мысленне. Наогул ён добры і забяспечаны чалавек, як і астатнія палітзняволеныя. Усім дапамагаў — класны хлопец! На суд ён пайшоў у вельмі добрым касцюме і скураных лакіраваных бацінках. Мы яго адпраўлялі і казалі, што пасля суда ён пойдзе дахаты, таму ён грунтоўна сабраўся. Але пасля пасяджэння ён вярнуўся — мы ўсе вельмі здзівіліся. Апынулася, што пракурор наўпрост на судзе папрасіў перакваліфікаваць яго артыкул. Павел, канешне, вельмі моцна растроіўся, таму што ў яго дома дзеці... Павел дазнаваўся ў СІЗА, колькі за данаты даюць. Аднаму, хто скінуў 30 даляраў, прызначылі шэсць гадоў калоніі. Павел тады смяяўся і казаў, што добра, што 50 даляраў не заданаціў, бо былі такія думкі", — расказаў пра Паўла яго сукамернік.
Палітвязня этапавалі ў ПК № 3 "Віцьба".
Мінчуку прызначылі пяць гадоў калоніі за данат у 20 даляраў