Наталля Захаранка
грамадзянка Украіны
Былая палітзняволеная
Дата нараджэння: 15 лютага 1980
Дата затрымання: 4 ліпеня 2023
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 358 Крымінальнага кодэксу — Шпіянаж
Вынік суда: 9 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 28 чэрвеня 2024
Суддзя: Сотнікаў Анатоль
Іншыя пазнакі: Вайна ва Украіне, Замежныя грамадзяне
Наталля Уладзіміраўна Захаранка — прадпрымальніца, грамадзянка Украіны. На пачатку ліпеня 2023 году жыхарка Чарнігава знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Трывогу забіла дачка жанчыны: нумары і кантакты маці пасля перасячэння польска-беларускай мяжы сталі недасяжныя, а афіцыйныя органы маўчалі.
Высвятлілася, што яе затрымалі і абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Украіны паводле арт. 358 КК. Разам з ёй судзілі таксама Ларысу Крупу. Суд над жанчынамі пачаўся 15 лютага 2024 году ў Гомельскім абласным судзе. Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў.
Як паведамлялі ўкраінскія медыя, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Вядома таксама, што Захаранка ездзіла ў Беларусь на ўласным аўтамабілі.
Гомельскі абласны суд меркавана 5 сакавіка 2024 г. у закрытым рэжыме вынес прысуд Наталлі Захаранцы і Ларысе Крупа. Захаранку абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Украіны, а яе знаёмую ў неданясенні аб злачынстве (ч. 2 арт. 406 КК).
Суд пастановіў пакараць украінку пазбаўленнем волі тэрмінам на 9 гадоў, а таксама канфіскаваць у яе мікрааўтобус. Ларыса Крупа атрымала штраф у памеры 100 базавых велічынь (4 тысячы беларускіх рублёў).
24 траўня 2024 г. разгледзяць апеляцыйную скаргу Наталлі. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча.
31 траўня 2024 г. унесена МУС у "спіс экстрэмістаў".
Утрымлівалася ў СІЗА № 3.
Увечары 28 чэрвеня 2024 года з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы ў Мачулішчах" Мікалай Швец. Умовы абмену не паведамляюцца. Адзначаецца, што ўдзел у вызваленні прыняў Ватыкан. Вызваленых палітвязняў даставілі ва Украіну 28 чэрвеня — у СМІ з'явілася іх фота з аэрапорта "Жуляны".
«Везьлі зь мяшкамі на галаве, не казалі, куды». Гісторыя ўкраінкі, якую па абмене вызвалілі зь беларускай турмы
Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмену. Распавядаем, што вядома пра іх
Грамадзянку Украіны абвінавацілі ў шпіянажы і асудзілі на 9 гадоў калоніі
У Гомелі пачынаецца суд над грамадзянкай Украіны, якую абвінавачваюць у шпіянажы