Мікалай Статкевіч
апазіцыйны палітык
Палітвязень
Дата нараджэння: 12 жніўня 1956
Дата затрымання: 31 траўня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў
Вынік суда: 14 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 20 чэрвеня 2022
Суддзя: Доля Мікалай
Пракурор: Мікушаў Дзяніс
Месца зняволення: ПК № 13
Групы: Палітыкі
Іншыя пазнакі: Рэжым інкамунікада, Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Справы: Справа Ціханоўскага
Заява аб прызнанні палітвязнем
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Роджэр Нордман, раней — Маргарэтэ Баўзэ
Мікалай Віктаравіч Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней быў арыштаваны на 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд над палітыкам, які пакараў яго яшчэ 15 суткамі.
30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу ("Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). 15 снежня Мікалаю Статкевічу прад'явілі новае абвінавачванне па п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках".
Мікалая Статкевіча ў выніку пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў).
14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
31 траўня 2022 у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць апеляцыйныя скаргі шасці фігурантаў «справы Ціханоўскага». На наступны дзень суд пастанавіў пакінуць прысуды без зменаў.
20 чэрвеня 2022 быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. Вядома, што адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, а ў ліпені пазбавіла рэжымнай перадачы і змясціла на 8 сутак у ШІЗА.
5 жніўня 2022 г. Міколу змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру, а ў верасні — у ШІЗА.
МУС 4 лістапада 2022 г. уключыла палітвязня ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігуранты "справы Ціханоўскага" павінны будуць сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі — як пазначана ў судовым рашэнні, "для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".
Вядома, што ў лістападзе 2022 г. палітвязень захварэў на пнеўманію і яго змясцілі ў лякарню. У снежні і студзені яго чарговы раз змясцілі ў ШІЗА.
У пачатку сакавіка 2023 г. жонка палітвязня паведаміла, што яна ўжо месяц не атрымлівае ад яго лістоў і да яго не дапусцілі адваката. Агулам з ліпеня 2022 г. Статкевічу ў калоніі выпісалі мінімум 21 спагнанне.
У пачатку кастрычніка 2023 г. жонка палітыка Марына Адамовіч напісала ў фэйсбуку, што да Мікалая зноў не пусцілі адваката:
"А з навін у нас — поўная адсутнасць навін. 232 дні. У чарговы раз была ў калоніі. У чарговы раз не пусцілі адваката. Чарговы раз "няма заявы". І гэта, вядома, нічога не значыць, што я, як "прадстаўнік па даверанасці", пакінула там (у межах прадастаўленых паўнамоцтваў) ад імя Мікалая заяву на спатканне з адвакатам, а яшчэ даслала тэлеграму, аб атрыманні якой "ўпаўнаважанай асобай" маю паведамленне. Ну не хоча Мікалай Статкевіч ні мне пісаць, ні з адвакатам сустракацца".
За перыяд з 10 траўня да Міколы Статкевіча прымяняліся меры спагнання 9 разоў:
• у выглядзе вымовы — 1 раз (29.06.2023);
• у выглядзе пазбаўлення права на атрыманне чарговай пасылкі або перадачы — 1 раз (08.08.2023);
• у выглядзе пазбаўлення чарговага кароткатэрміновага спаткання — 1 раз (07.08.2023);
• у выглядзе пазбаўлення чарговага працяглага спаткання — 1 раз (28.09.2023);
• у выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар — 5 разоў (01.06.2023, 20.07.2023, 14.08.2023, 05.09.2023, 06.10.2023).
У другой палове лістапада 2023 г. сваякі Мікалая праз "другія рукі" атрымалі пацвярджэнне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.
З лютага 2023 года Міколу Статкевіча ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і знешнім светам (рэжым інкамунікада).
Марына Адамовіч падчас падарожжа да мужа: «Мікалай выбраў служыць Беларусі»
Ад 14 да 18 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Ціханоўскага"
У "справе Ціханоўскага" змяніўся суддзя. Што вядома пра яго і ці будзе справа разглядацца з пачатку?
Затрыманы Статкевіч. Ягоная жонка піша заяву пра выкраданне
Раней Мікола Статкевіч быў прызнаны палітзняволеным: са снежня 2010 па жнівень 2015. У 2005 годзе быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю ў 2004 годзе вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Па амністыі тэрмін быў скарочаны на год. Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году. Затрыманы 19 снежня 2010 году пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 году суддзя Ленінскага раённага суду Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай «крытай турме» і шклоўскай калоніі № 17. Вызвалены праз памілаванне.