Марыя Успенская
Палітзняволеная
Дата нараджэння: 15 чэрвеня 1981
Дата затрымання: 28 верасня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 139 Крымінальнага кодэкса — Забойства
Вынік суда: прымусовае лячэнне
Від пакарання: прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары
Суддзя: Зянькевіч Валянціна
Месца зняволення: РНПЦ псіхічнага здароўя
Іншыя пазнакі: Адзінокія бацькі, Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Справы: Справа Зельцэра
Заява аб прызнанні палітзняволенай
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Марыя Нільсан, дэпутатка шведскага парламента
Марыя Віктараўна Успенская — жыхарка Мінска, удава Андрэя Зельцэра, забітага 28 верасня 2021 г. ва ўласнай кватэры падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ. Мае непоўнагадовага сына ад першага шлюбу.
Марыю затрымалі ў той жа дзень па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Спачатку жанчыну трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, затым перавялі ў СІЗА.
На пачатку снежня 2021 стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесці псіхіятрычную экспертызу.
Разгляд справы пачаўся 31 траўня 2022 г. у закрытым рэжыме. Марыю абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка паводле арт. 16 і п.п. 5 і 10, ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам). Яе судзілі як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад (захворванне)" (п. 13 арт. 6 КПК). На судзе інтарэсы Марыі прадстаўляла ейная маці, сама палітзняволеная не прысутнічала на пасяджэннях.
У Мінскім гарадскім судзе 16 чэрвеня 2022 г. агучылі пастанову па крымінальнай справе. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла Марыі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом.
Былыя сукамерніца Марыі па СІЗА-1 распавядала:
"Там мы даведаліся, што, аказваецца, з намі разам знаходзіцца жонка забітага Андрэя Зэльцэра — Марыя. Калі мы зайшлі, то адна з нашых затрыманых дзяўчынак сказала ёй: "Можна я вас абдыму?" Маша адразу спытала, навошта гэта. Тады мы сказалі, што нам яе вельмі шкада і хочам ёй выказаць свае спачуванні. Яна была ў шоку, што столькі людзей затрымліваюць з-за каментароў па яе мужа. Маша вельмі плакала, што не можа пахаваць мужа і не можа з ім развітацца. Часам яна выпадала і казала: "Слухайце, а як гэта мне пайсці за кватэру заплаціць?" Чалавек быў у стане такога дзікага шоку, што яна вярталася думкамі ў мінулае, што ў яе нармальнае жыццё. На Акрэсціна супрацоўнікі з ёй абыходзіліся дрэнна і называлі "цёлкай з ружовымі валасамі". Мы ўвесь час з імі лаяліся і казалі, каб яны не смелі абражаць жанчын. Машу мы падтрымлівалі, як мы маглі. Кожны дзень яе выклікалі на допыты. Яна казала, што яе не білі. Мы думалі, што нас хутка адпусцяць, таму запаміналі адрас, каб выйсці і наведаць іх дзіця і маму Машы. Мы разлічвалі, што хутка выйдзем і думалі, што за каментары нас 10 сутак патрымаюць і выпусцяць.
Мы не пыталіся ў Машы, што адбывалася 28 верасня ў іх у кватэры, каб не траўмаваць яе. Нават у нашых крымінальных справах пра гэта не было наогул нічога. Але Маша распавяла, што Андрэй паспяхова займаўся крыптавалютамі. І напярэдадні таго, як прыйшлі да яго сілавікі, ён зняў вельмі буйную суму грошай. Магчыма, гэта стала прычынай, чаму да яго ўламіліся".
Удаве Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары