Іван Бародзіч
Палітвязень
Дата нараджэння: 14 красавіка 1974
Дата затрымання: 1 верасня 2024
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве
- арт. 406 Крымінальнага кодэкса — Неданясенне пра злачынства
Справы: Акцыі на чыгунцы
Іншыя пазнакі: Вайна ва Украіне
Іван Мікалаевіч Бародзіч затрыманы нібыта за падрыхтоўку тэрактаў. Пра затрыманне яго і яшчэ пяці чалавек КДБ паведаміў 11 верасня. Сярод затрыманых — два ўкраінца, астатнія — беларусы. Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ. Усе змешчаныя пад варту — іх абвіначваюць у замаху на акт тэрарызму, шпіянажу, здрадзе дзяржаве і агентурнай дзейнасці.
У Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў "падрыхтоўцы тэрактаў"
У прапагандысцкім фільме сцвярджаецца, што "раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову". Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі. Паводле прапагандыстаў першапачаткова трое выконвалі задачы па зборы інфармацыі:
"Збіралі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх часцей, размяшчэнні ЗРК [зенітна-ракетных комплексаў]".
Сцвярджаецца, што ў памежным з Украінай Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці Пухальскі "забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі". Там яго 4 верасня затрымалі супрацоўнікі групы "А" КДБ.
Мінгарсуд 22 кастрычніка 2024 году ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць справу ў дачыненні да ўкраінца Івана Ліхалата і беларусаў Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча. Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Фігурантам справы інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), арт. 358-1 (агентурная дзейнасць), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) ч. 2 арт. 406 КК (неданясенне аб злачынстве).
18 снежня 2024 года іх асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Дакладныя тэрміны кожнаму з іх не паведамляюцца.
У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што Пухальскі і Ліхалат нібыта здзейснілі спробу падрыву на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне. Гэта абвінавачанне кваліфікавала як "замах на акт тэрарызму" паводле ч.1 арт. 14, ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса і "замах на прывядзенне ў непрыдатнасць сродкаў чыгуначнага транспарту" паводле ч. 1 арт. 14, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса.
Дзеянні Пухальскага дадаткова кваліфікаваныя як "незаконны абарот выбуховых прылад" паводле ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса і "здрада дзяржаве" паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса, Ліхалата – "агентурная дзейнасць" паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса, а Бародзіча – "здрада дзяржаве" і "неданясенне аб планаваных злачынных дзеяннях" паводле ч. 1 арт. 356 і ч. 2 арт. 406 Крымінальнага кодэкса.
Асудзілі беларусаў і ўкраінца, затрыманых па справе аб "падрыхтоўцы тэрактаў"