Ірына Злобіна
Палітзняволеная
Дата нараджэння: 25 красавіка 1989
Дата затрымання: 12 студзеня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве
Вынік суда: 9 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Тулейка Вячаслаў
Месца зняволення: ПК № 4
Групы: Бізнесмены
Справы: Справа БелаПАН
Заява аб прызнанні палітзняволенай
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Джон Хаўэл, дэпутат ад кансерватараў у брытанскім парламенце
Ірына Віктараўна Злобіна скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам — кветкі і вытворчасць сувеніраў.
Яна была затрыманая 12 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС. З ёй затрымалі ейнага хлопца, медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, разам з якім яна жыве.
15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя "па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці". Па яго словах, Аляксандраў і Злобіна з жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія прымалі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і вяртаннем сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.
Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help.
4 красавіка 2022 г. стала вядома, што крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай, Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай накіравалі ў суд. Ірыну Злобіну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) і ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса.
1 верасня 2022 г. Ірына і Андрэй Аляксандраў ажаніліся ў СІЗА-1. Былая сукамерніца палітзняволенай распавяла, як гэта было:
"Я не заспела, як Іра Злобіна выходзіла замуж, але мне дзяўчаты распавялі. Ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру з вялікімі празрыстымі рукавамі і адкрытай спіной. Дзяўчаты на ёй зрабілі пераздымку-татуіроўку ў выглядзе пантэры, а таксама прыгожую прычоску. Распісваліся яны без сведак пры канваірах. У камеры Валерыя, Людміла і Юлія зрабілі канфеці і хацелі абсыпаць Ірыну, калі тая прыйдзе з роспісу. Але дзяўчат забралі на шпацыр, і Іра вярнулася ў камеру раней, таму яе прасілі, каб яна адвярнулася і зрабіла выгляд, быццам яна заходзіць з роспісу, а яе абсыпалі і віншавалі".
Суд па "справе БелаПАН" пачаўся 6 чэрвеня 2022 г. і доўжыўся роўна чатыры месяцы.
У Мінскім абласным судзе 6 кастрычніка 2022 года вынеслі прысуды: журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі, галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы "БелаПАН" Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі, былому дырэктару агенцтва Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі. Акрамя таго, палітвязням прызначылі буйныя штрафы, у прыватнасці Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў). Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў. Такія прысуды вынес суддзя Вячаслаў Тулейка.
Напрыканцы кастрычніка 2022 г. Ірыну перавялі з СІЗА-1 у гомельскі СІЗА-3.
6 студзеня 2023 г. Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў "справы БелаПАН". Прысуды пакінулі ў сіле, нязначна змянілі толькі некаторыя фармулёўкі. Неўзабаве Ірыну этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4.
20 студзеня 2023 г. МУС дадала палітзняволеную ў "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Да 14 гадоў калоніі: агучаны прысуды па "справе БелаПАН"
Суд па "справе БелаПАН" прыпынены як мінімум на два месяцы. Прычына — аднаўленне "працэсуальных дзеянняў"
Суд па справе "БелаПАН": у чым абвінавачваюць чатырох палітвязняў