Генадзь Клімашэвіч
Палітвязень
Дата затрымання: 25 красавіка 2024
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Вынік суда: 1 год
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Прыхожка Галіна
Месца зняволення: СІЗА-7
Справы: Пратэсты Брэст, Справа карагодаў
Генадзь Васільевіч Клімашэвіч быў змешчаны ў СІЗА задоўга да суда па "справе карагодаў". Мужчына ўтрымліваецца пад вартай з канца красавіка 2024 года. Дома яго чакаюць двое непаўнагадовых дзяцей. Разам з ім асудзілі Крысціну Салаўёву.
У судзе Камянецкага раёна 24 ліпеня 2024 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ім прызначылі адзін год калоніі агульнага рэжыму і паўтара года калоніі з адтэрміноўкай выканання пакарання праз тое, што на ўтрыманні ёсць дзіця, якому менш за тры гады, адпаведна. Прысуд вынесла Галіна Прыхожка. Менавіта такое пакаранне і прасіў прызначыць пракурор.
Пра Генадзя таксама вядома, што ў сакавіку 2021 года яго затрымлівалі і асудзілі за тое, што на балконе была "Пагоня" (за гэта далі штраф за "незаконнае пікетаванне"). Крыху раней мужчыну прымусілі зафарбаваць бел-чырвона-белы малюнак на тым жа балконе.
27 верасня 2024 года ў Брэсцкім абласным судзе разгледзяць апеляцыю. Старшыня судовай калегіі Крамянеўская Святлана Барысаўна.
У Камянцы па "справе карагодаў" двух чалавек асудзілі да калоніі