Ганна Лівянт
Былая палітзняволеная
Дата нараджэння: 17 красавіка 1999
Дата затрымання: 28 снежня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Вынік суда: 3 гады
Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")
Дата вызвалення: 25 траўня 2023
Суддзя: Мурашка Кацярына
Справы: Пратэсты Мінск
Ганна Яўгенаўна Лівянт — дачка вядомага беларускага педагога, рэпетытара па фізіцы і матэматыцы, кіраўніка рэпетытарскага цэнтра "100 балаў" Яўгена Лівянта, якога затрымалі ў снежні разам з жонкай Юліяй.
Іх дачку Ганну затрымалі на судзе над бацькамі ў снежні 2022 года, калі яна разам з мужам вярнулася з Польшчы. У "пакаяльным відэа" дзяўчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".
Расійская журналістка Кацярына Яньшына, якая правяла на Акрэсціна 15 сутак, а потым была дэпартаваная з краіны, распавяла пра сваіх суседак у камеры — адна з іх была Ганна Лівянт, дачка вядомага рэпетытара Яўгена:
"Іх з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да ейных бацькоў. І на ранішнім "шмоне" яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа. Калі ты сядзіш на Акрэсціна, то ты не хочаш, каб цябе адпусцілі крыху раней. Таму што калі па цябе прыйшлі раней за час, то гэта значыць, што ты нікуды не выходзіш. Гэта значыць ці то новыя "суткі", ці то крымінальную справу.
Так было і з Ганнай. Яе забралі раней, і ад іншай дзяўчыны з ІЧУ мы даведаліся, што ў яе крымінальная справа і яна чакае адпраўкі ў СІЗА".
19 траўня 2023 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся судовы працэс па справе педагога-рэпетытара Яўгена Лівянта. Па крымінальнай справе разам з Лівянтам праходзяць яшчэ шэсць чалавек, у тым ліку яго жонка Юлія, старэйшая дачка Ганна, зяць Мікіта Дрозд і саўладальнік цэнтру Аляксей Іваноў.
25 траўня 2023 г. суддзя Кацярына Мурашка асудзіла Ганну на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Палітзняволеная была вызвалена з-пад варты ў зале суда і выйшла на волю з СІЗА-1.
25 жніўня 2023 года была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Вынесеныя прысуды рэпетытару Яўгену Лівянту, ягонай сям'і і калегу