Аляксандр Лаўрэнцьеў
Палітвязень
Дата нараджэння: 26 жніўня 1991
Дата затрымання: 2 траўня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
- арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- арт. 411 Крымінальнага кодэкса — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы
Вынік суда: 4 гады і 4 месяцы
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Месца зняволення: ПК № 1
Групы: Актывісты, Бізнесмены
Іншыя пазнакі: Затрыманне пасля вяртання ў Беларусь
Справы: Пратэсты Гродна
Аляксандр Аляксандравіч Лаўрэнцьеў — жыхар Гродна, які быў затрыманы 2 траўня 2022 года. Яму інкрымінавалі два артыкулы Крымінальнага кодэксу — 368 (абраза Лукашэнкі) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Аляксандр палітычны актывіст з Гродна. У 2017 годзе ён выступаў на акцыях пратэсту, звязаных з увядзеннем "падатку на дармаедства". У 2019 годзе паставіў намёт перад адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Гродна, каб вырашыць жыллёвае пытанне. У 2020 годзе Лаўрэнцьеў разам з актывістам Мікалаем Салянікам правёў шэраг акцый за ўвядзенне каранціну ў Беларусі падчас пандэміі каронавіруса. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года актывіст адбываў адміністрацыйны арышт за акцыю падчас сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім.
Увосень 2020 года з'ехаў з Беларусі ў Польшчу. У Польшчы падахвоціўся дапамагчы двум беларускім уцякачкам, але ў снежні 2020 года Аляксандр знік са здымнай кватэры ў Беластоку. Разам з ім зніклі і грошы дзяўчат. На званкі і паведамленні ён не адказваў. Свайму знаёмаму ён распавядаў, што спакойна перасёк польска-беларускую мяжу, а ягоную справу ў Беларусі закрылі праз недахоп доказаў. У 2021 годзе Аляксандр набыў фудтрак і працаваў у адным з мікрараёнаў Гродна. Прадаваў шаурму. 2 мая 2022 года Лаўрэнцьева затрымалі прама на працоўным месцы. Затрымліваў ГУБАЗ Гродзенскай вобласці. Пасля затрымання гарадзенец сказаў на камеру, што яго затрымалі за распаўсюд у сетцы экстрэмісцкай інфармацыі і абразу Лукашэнкі. Ён прызнаў віну.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 2 жніўня 2022 г. быў вынесены прысуд: 3 гады і 4 месяцы зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
11 кастрычніка 2022 г. адбылося апеляцыйнае пасяджэнне суда, прысуд набыў моц. Пасля турмы №1 накіраваны ў ПК № 2.
Улетку 2024 года стала вядома, што Аляксандру дадалі яшчэ 1 год зняволення ў калоніі паводле артыкула 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Пераведзены ў ПК № 1.