Аляксандр Данілевіч
адвакат
Палітвязень
Дата нараджэння: 30 лістапада 1974
Дата затрымання: 20 траўня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
- арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці
Вынік суда: 6 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 11 ліпеня 2023
Суддзя: Фалькоўская Таццяна
Пракурор: Цыбуля Таццяна
Месца зняволення: ПК № 17
Групы: Юрысты і адвакаты
Заява аб прызнанні палітвязнем
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Філіп Крэмер, дэпутат нямецкага Бундэстагу
Аляксандр Станіслававіч Данілевіч — адвакат, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Быў затрыманы 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Некаторы час сутнасць справы не была вядомая, аднак пазней высветлілася, што Данілевіча абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Аляксандр валодае беларускай, рускай, ангельскай, італьянскай і французскай мовамі. З 2010 г. з'яўляўся намеснікам старшыні Дысцыплінарнай камісіі Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Рэспублікі Беларусь, у 2012 г. уключаны ў Апеляцыйны антыдопінгавы савет пры Міністэрстве спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. З'яўляўся старшынёй Беларускай федэрацыі рэгбі і сябрам юрыдычнага камітэта міжнароднай асацыяцыі "Рэгбі Еўропа".
Прайшоў навуковую стажыроўку ва універсітэце La Sapienza (г. Рым, Італія), Міжнародным інстытуце па ўніфікацыі прыватнага права (UNIDROIT) (г. Рым, Італія) і Швейцарскім інстытуце параўнальнага правазнаўства (г. Лазана, Швейцарыя) і Цэнтры спартовага права Інстытута ім. Т.М.К. Асэра (г. Гаага, Нідэрланды).
Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.
Данілевіч любіць спорт. Адно з яго захапленняў — веславанне, на якое ён падсаджваў усіх знаёмых. Аляксандр мае некалькі каякоў.
Адваката затрымлівалі супрацоўнікі КДБ на працоўным месцы. Першы час яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а пазней перавялі на "Валадарку".
Спачатку Аляксандра абвінавачвалі толькі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, а ўжо пазней яму дадалі ч. 1 арт. 361-4 КК.
На пачатку студзеня 2023 г. матэрыялы справы перадалі пракурору для накіравання ў суд. Паводле следства, Данілевіч заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся "дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі". Дзеянні палітзняволенага адваката кваліфікавалі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК (дапамаганне ў закліках да мер абмежавальнага характару) і ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Згодна з матэрыяламі справы, Аляксандр з 9 жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года "шляхам дачы парадаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны". Ён жа "падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст не менш як трох зваротаў ад прадстаўнікоў "стачачных камітэтаў", у якіх выклаў свядома ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дамоўныя адносіны з беларускім контрагентам". Акрамя таго, Данілевіч даў інтэрв'ю "экстрэмісцкаму" інтэрнэт-рэсурсу "Трыбуна".
Працэс над ім распачаўся 10 сакавіка 2023 г. у Мінгарсудзе. Аляксандр віну не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі. Пракурорка Таццяна Цыбуля запатрабавала для адваката 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне 10 красавіка 2023 г. прызначыла Аляксандру Данілевічу суддзя Таццяна Фалькоўская.
11 ліпеня 2023 г. у закрытым судовым пасяджэнні ў Вярхоўным судзе разглядалася апеляцыйная скарга палітвязня суддзёй Таццянай Васілевіч.
У верасні 2023 г. Аляксандра перавялі з СІЗА-1 спачатку ў ПК № 3, але пасля перавялі яшчэ раз, у ПК № 17.
Па выніках апеляцыі, канчатковы прысуд Аляксандру — 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.
"Я дапамагаю людзям, не маю права ім адмаўляць". Што казаў на працэсе асуджаны да 10 гадоў калоніі адвакат Данілевіч
Адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі да 10 гадоў калоніі
"Аказаў падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму". Пачалі судзіць адваката Аляксандра Данілевіча
"Помста за смеласць". Што вядома пра адваката Данілевіча, якога забралі ў КДБ?