Зміцер Салаўёў
Дата нараджэння: 26 траўня 1973
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- арт. 228 Крымінальнага кодэкса — Кантрабанда
Вынік суда: 8 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Суддзя: Запаснік Марына
Пракурор: Кароль Аляксандр
Іншыя пазнакі: Завочныя суды
Групы: Праваабаронцы
Справы: Справа "Вясны"
Зміцер Сяргеевіч Салаўёў – праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” (ПЦ “Вясна”). Ён больш за 20 гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю, раней ўзначальваў Наваполацкае адзяленне ПЦ "Вясна". Зміцер Салаўёў - адзін з арганізатараў незалежнага назірання за выбарамі ў Беларусі ў рамках кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", у тым ліку на выбарах 2020 года, а таксама ўдзельнік шматлікіх міжнародных місій незалежнага назірання. Праваабаронца таксама ўдзельнічае ў працы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Суд над ім праходзіў завочна.
26 верасня 2022 года стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нясплата падаткаў) спыненая. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, у вызначаным парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб здзейсненых выплатах, асобах, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падаткавым агентам". Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 КК. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за несплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. 28 лістапада 2022 г. Генеральная пракуратура накіравала "справу Вясны" ў суд.
Разгляд справы пачаўся 5 студзеня 2023 г. у судзе Ленінскага раёна Мінска. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяць у віну.
3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна суддзя Марына Запаснік прызначыла:
- старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.
Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.
8 снежня 2023 года быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Беларускіх праваабаронцаў дадалі ў базу вышуку ў Расіі. сярод іх і Зміцер Салаўёў.
Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны"