Паліна Шарэнда-Панасюк
грамадская актывістка
Палітзняволеная
Дата нараджэння: 21 сакавіка 1975
Дата затрымання: 3 студзеня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
- арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- арт. 411 Крымінальнага кодэкса — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы
Вынік суда: 5 гадоў і 1 дзень
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Брэган Яўген, Крупадзёраў Мікалай, Іванюценка Станіслаў
Пракурор: Крупеніч Павел
Месца зняволення: ІЧУ АУС Рэчыцкага райвыканкама
Групы: Актывісты
Справы: Пратэсты Брэст
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Заява аб прызнанні палітзняволенай
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Ізабэль Сантуш, дэпутатка Еўрапейскага парламента
Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста.
Была затрыманая 3 студзеня 2021. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. Ёй прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.
Яе муж Андрэй Шарэнда адседзеў больш за 60 сутак, нават новы 2021 год сустракаў за кратамі. Пасля быў пад хатнім арыштам, на яго таксама завялі справу за абразу Лукашэнкі, і яшчэ па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
9 чэрвеня 2021 г. у судзе Маскоўскага раёна Брэста вынесены прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк. Суддзя Брэган прызначыў жанчыне пакаранне, якое запрасіў пракурор Павел Крупеніч: два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На пачатак снежня 2021 Паліну ўжо пяць разоў са жніўня змяшчалі ў ШІЗА.
Паліна ў студзені 2022 напісала свайму мужу Андрэю Шарэнду, што ў канцы года яе ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у карцары, а таксама змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) да 18 сакавіка. Акрамя гэтага, жанчыну пазбавілі каранціннай перадачы.
У канцы лютага 2022 года Андрэй Шарэнда паведаміў, што на Паліну завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Ёй пагражае да двух гадоў зняволення: "Адказным за чарговы ціск на Паліну з'яўляецца начальнік гомельскай калоніі падпалкоўнік Талсцянкоў Дзяніс Анатольевіч", — напісаў муж Паліны.
У гомельскай жаночай калоніі 7 красавіка 2022 года вынеслі прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу на выязным пасяджэнні разглядаў суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Крупадзёраў, які прызначыў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Па сукупнасці прысудаў шляхам частковага далучэння неадбытай часткі пакарання Паліне было канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін 1 год 5 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі шматлікія "парушэнні“ ўнутранага распарадку, за якія жанчына ўжо панесла пакаранне. Так, напрыклад, на яе складалі рапарты і выпісвалі спагнанні за тое, што яна "спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікаванне з іншымі асобамі"; "выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне"; "расшпіліла пінжак".
Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная паводле гэтага артыкула.
11 красавіка 2022 г. Шарэнда-Панасюк перавялі з ПК № 4 у СІЗА-3. 8 чэрвеня 2022 г. у Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Паліны на рашэнне суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Суддзя Мікалай Маратаеў пастанавіў пакінуць прысуд у сіле.
Паліну ўтрымлівалі ў СІЗА-3, пасля суду больш за месяц ейнае месцазнаходжанне было невядомае. 22 ліпеня 2022 г. з'явілася інфармацыя, што палітзняволеная знаходзіцца ў ПК № 24. Вядома, што за першыя чатыры месяцы ў калоніі Паліну восем разоў змяшчалі ў ШІЗА, дзе яна правяла амаль тры месяцы. Пасля гэтага, 12 кастрычніка, жанчыну на шэсць месяцаў змясцілі ў ПКТ.
На Паліну завялі яшчэ адну справу паводле ч. 2 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы".
Па стане на сярэдзіну сакавіка 2023 г. да яе з канца снежня не можа трапіць адвакат і не прымаюць ані прадуктовую, ані рэчавую перадачы. Вядома, што Паліну змяшчалі ў ШІЗА з 29 снежня 2022 г. па 8 студзеня 2023 г., з 13 студзеня па 23 студзеня і з 28 студзеня па 27 лютага 2023 г. У сакавіку палітзняволеную ізноў змясцілі ў штрафны ізалятар.
У канцы красавіка 2023 г. Паліне не аддалі бандэроль з лекамі. Таксама стала вядома, што за апошнія дзесяць месяцаў палітзняволеную пратрымалі ў ШІЗА, карцэры і ПКТ агулам 180 дзён.
Муж Паліны Шарэнда-Панасюк Андрэй заявіў, што палітзняволеная адмаўляецца ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі.
У пачатку чэрвеня 2023 г. стала вядома, што палітзняволеную адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках. 23 чэрвеня стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк дастаўлена ў СІЗА №1. Этап Паліны з Рэчыцкай жаночай калоніі № 24 да "Валадаркі" цягнуўся 18 сутак.
13 ліпеня 2023 г. стала вядома, што палітзняволеную літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы.
4 жніўня 2023 г. Паліну этапавалі ў СІЗА № 3.
23 жніўня 2023 г. для Паліны не ўзялі перадачу ў СІЗА. Было паведамлена, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк 21 жніўня 2023 г. вывезена ў Рэчыцкі ІЧУ для "следчых дзеянняў".
З 23 жніўня 2023 г. Паліна трымала галадоўку. 30 жніўня 2023 г. палітзняволеная спыніла галадоўку, бо, як паведамляецца, "яе патрабаванні аб больш чалавечых умовах побытовага ўтрымання былі выкананыя".
2 кастрычніка 2023 г. у судзе Рэчыцкага раёна разглядалася чарговая справа Паліны па арт. 411 ч. 1 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя — Станіслаў Іванюценка.
На першым судовым пасяджэнні Паліна заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. Са словаў Шарэнды-Панасюк, яе збілі іншыя зняволеныя папраўчай калоніі № 24 па наводцы адміністрацыі. Таксама яна заявіла пра жорсткія ўмовы ў калоніі, ізалятары часовага ўтрымання рэчыцкага РАУС і ў гомельскім СІЗА цягам года. Акрамя гэтага, яна распавяла пра ўмовы ўтрымання ў рэчыцкім ІЧУ: яна спіць на падлозе, бо ёй не выдалі ні матраца, ні пасцельнай бялізны, а таксама забралі ўсе асабістыя рэчы. Таксама яна неаднаразова падкрэслівала, што ўсе парушэнні былі проста фармальнасцю за яе грамадзянскую пазіцыю. На пачатку працэсу Паліна нагадала, што не лічыць гэты суд законным і не належыць гэтаму суду, бо напісала адмову ад беларускага грамадзянства, а сам працэс назвала проста фарсам.
Пракурор запрасіў год зняволення, гэта максімальны тэрмін, які прадугледжваецца згодна з гэтым артыкулам. 9 кастрычніка 2023 г. суддзя агучыў вырак: 1 год і 3 дні калоніі.
17 кастрычніка 2023 г. муж Паліны паведаміў, што яе перавялі з рэчыцкага ІЧУ ў СІЗА-3 (Гомель). Там палітзняволеная будзе знаходзіцца да апеляцыі.
Гомельскі абласны суд 15 снежня 2023 г. разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай, і пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення. У хуткім часе яе зноў перавядуць у калонію.
У пачатку студзеня 2024 г. муж Паліны паведаміў у фэйсбуку, што Паліна знаходзіцца ў калоніі № 24 (Зарэчча, Рэчыцкага раёна). Пра гэта ён даведаўся з адказу ад адміністрацыі калоніі. Згодна з паперай, цягам года Паліна мае права на 2 бандэролі або дробныя пакеты, 3 кароткатэрміновыя спатканні і 3 доўгатэрміновыя, 4 пасылкі або перадачы, лісты і грашовыя пераводы без абмежаванняў: "Толькі вось выкананне такога права палітзняволенымі на практыцы праблематычнае, як паказалі папярэднія тры гады зняволення", — адзначыў Андрэй.
У сакавіку 2024 г. муж палітзняволенай Андрэй распавёў карэспандэнту "Медыязоны" пра ціск на Паліну: "Паліна прабыла ў атрадзе пасля карантыну прыкладна 2-3 тыдні. У канцы студзеня-пачатку лютага яе кінулі ў ШІЗА. У атрадзе яна з'явілася толькі ў самым канцы лютага, выглядала вельмі бледнай і схуднелай. Увесь гэты час Паліна была ў ШІЗА, імаверна 20 сутак. У пачатку сакавіка Паліна ізноў знікла з атраду, але куды дакладна — невядома".
У сакавіку 2024 г., калі прапагандысты знялі сюжэт пра палітзняволеную, у кадр трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін зняволення мусіў скончыцца 21 траўня. Але ў гэтую дату Паліна не выйшла, ёй у трэці раз прад'явілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі". За два дні да вызвалення яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3.
У пачатку ліпеня 2024 г. стала вядома, што Паліну этапавалі ў лякарню ў "Навінках" на псіхіятрычную экспертызу. Гэта ўжо чацвёртая яе экспертыза.
У ліпені 2024 г. сваякі Паліны атрымалі афіцыйны адказ ад адміністрацыі жаночай калоніі № 24, у якім пазначана, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Гэта вельмі небяспечная для здароўя хвароба, лячэнне ад якой ускладняецца ва ўмовах зняволення.
Па стане на канец ліпеня 2024 г. чарговая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза Паліны, верагодна, скончылася. Пра гэта напісаў у Facebook ейны муж: "Паліны ўжо няма ў Цэнтры судовых экспертызаў у Навінках. Экспертыза скончылася, так і не пачаўшыся. Магчыма, Паліну этапавалі адтуль яшчэ на мінулым тыдні. Мы так і не паспелі перадаць ёй туды прадукты, неабходныя рэчы і лекі. Мы не ведаем, дзе яна зараз знаходзіцца, і які стан яе здароўя".
Па стане на пачатак жніўня Паліна знаходзіцца ў следчым ізалятары № 3. Яе муж Андрэй Шарэнда падкрэсліў, што яму невядома, колькі доўжыўся этап жонкі з мінскага Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя ў Гомель. Доўгі час сям'я не ведала, дзе знаходзіцца Шарэнда-Панасюк.
У пачатку верасня 2024 г. стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне. Патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя. Тым часам Паліну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у ІЧУ горада Рэчыцы для правядзення "следчых дзеянняў".
Па стане на пачатак верасня 2024 г. Паліну вярнулі ў СІЗА-3, там змясцілі ў карцар на 10 сутак.
Новы суд над Палінай быў прызначаны на 14 і 15 кастрычніка 2024 г. у судзе Рэчыцкага раёна. Суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення, прызначыў Паліне адзін год і адзін дзень пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
На час суда Паліну перавялі з гомельскага СІЗА ў ізалятар часовага ўтрымання ў Рэчыцы, вядомы сваімі жахлівымі ўмовамі.
13 снежня 2024 г. адбыўся разгляд апеляцыйнай сакргі ў Гомельскім абласным судзе. Старшыня судовай калегіі Аляксандр Піскуноў.
Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк прызначылі яшчэ адзін год і адзін дзень пазбаўлення волі
У палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк рэзка пагоршыўся стан здароўя
"Такі дыягназ ва ўмовах Паліны — як смяротны прысуд". У палітзняволенай Шарэнды-Панасюк выявілі хранічны панкрэатыт
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк
Палітзняволеную актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі
Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі
"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных
Андрэй Шарэнда: Жонка амаль увесь час у ШІЗА ці ПКТ
Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі
"Наколькі трэба страціць сумленне, каб да такога дайсці?": пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі Паліне Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк: «Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед»