Ганна Аблаб

супрацоўніца "Беларускай чыгункі"

Палітзняволеная

Дата нараджэння: 9 сакавіка 1978

Дата затрымання: 22 верасня 2021

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
  • арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве

Вынік суда: 11 гадоў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

Дата пачатку адбыцця пакарання: 28 ліпеня 2023

Суддзя: Піскуноў Аляксандр

Месца зняволення: ПК № 4

Справы: Справа “Рабочага руху”

Іншыя пазнакі: Шматдзетныя бацькі

Сімвалічны(ая) хросны(ая): Беатэ Мюлер-Гемэке, дэпутатка нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных

Ганна Аляксееўна Аблаб — супрацоўніца "Беларускай чыгункі". Жанчына мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя.

Ганну затрымалі 22 верасня 2021 года. Жанчына праходзіць па крымінальнай справе, распачатай паводле артыкулу аб здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў "Рабочы рух". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 г. была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых. Таксама ёй паставілі ў віну ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Ганну змясцілі ў СІЗА КДБ, пасля перавялі ў СІЗА-3.

9 лістапада 2022 г. у Гомельскім абласным судзе распачаўся разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных. На другі дзень працэсу ўсе фігуранты справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Усе фігуранты "справы Рабочага Руху" на судзе адмовіліся даваць паказанні. 27 снежня працэс закрылі да вынясення прысуду, хаця да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 г. вынеслі прысуд па "справе Рабочага Руху". Суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Ганну вінаватай паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў ёй 11 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

11 жніўня 2023 г. МУС унёс палітзняволеную ў "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

З пачатку верасня 2023 г. адбывае пакаранне ў ПК № 4.

Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па "справе Рабочага Руху"

На працэсе стала вядома, што Zoom-канфэрэнцыі запісваў супрацоўнік ад спецслужб — гэта з'яўляецца адным з галоўным доказам па справе. На працэсе агучылі падрабязнасці таго, як і хто ствараў і распаўсюджваў розныя ўлёткі ў пэрыяд 2020–2021 гадоў. Таксама зачыталі пратаколы допытаў абвінавачаных і сведак. На гэтым тыдні суд перайшоў да прагляду запісаў zoom-канфэрэнцыяў. На іх у тым ліку прысутнічалі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе штабу.

Палітвязні абскардзяць рашэнне КДБ аб прызнанні "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем"

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 лютага разгледзяць скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем, забароне яго дзейнасці. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы. Разгляд скаргі будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Другі дзень суда па "справе Рабочага Руху": усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве

10 лістапада ўсе дзесяць палітвязняў не прызналі сваю віну ў здрадзе дзяржавы і стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Толькі адзін Андрэй Пагерыла прызнаў віну паводле арт. 188 КК (паклёп).

У Гомелі сёння распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў

Як вынікае з абвінавачвання адзінай жанчыны ў справе — афіцэркі ў запасе Ганны Аблаб, яна перадавала інфармацыю аб руху цягнікоў, аб руху вайсковай тэхнікі, заробку ў сістэме БЧ, а таксама іншыя звесткі сакрэтнага характару. Акрамя гэтага, яна падала свайму "замежнаму куратару" лагін і пароль ад базы дадзеных са службовай інфармацыяй.

13 затрыманых па «справе Рабочага руху». Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць?

На працягу трох дзён — 21-23 верасня — пракацілася хваля затрыманняў завадчанаў і стачкамаўцаў з «Гродна Азот», Беларускага металургічнага заводу, Беларускай Чыгункі і «Нафтана». Некалькі чалавек з «Гродна Азот» выпусцілі, астатнія 13 чалавек былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і гомельскае СІЗА №3. Па папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў межах артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» распавядае, хто знаходзіцца ў статусе затрыманых і што вядома па «справе Рабочага руху».

Адрас для лістоў: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»