Аляксандр Зянкоў
Палітвязень
Дата нараджэння: 12 лістапада 1968
Дата затрымання: 22 чэрвеня 2023
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
Вынік суда: 3 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Брысіна Жанна
Месца зняволення: ПК № 15
Групы: Журналісты
Аляксандр Аляксандравіч Зянкоў — барысаўскі фатограф, які быў затрыманы 22 чэрвеня 2023 года. Сілавікі зладзілі ў жыллі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага.
Крымінальная справа Зянкова разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе, суддзёй была прызначана Жанна Брысіна. Фатографа вінавацілі па ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).
30 студзеня 2024 г. Мінскі гарадскі суд прызначыў Аляксандру тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле былога сукамерніка Аляксандра з ІЧУ на Акрэсціна, абвінавачванне тычыцца відэаздымак, размешчаных на "экстрэмісцкім" інтэрнэт-рэсурсе: "У камеры, разлічанай на двух чалавек, нас было значна болей, ад 8 да 10 у розныя дні. Прыкмет збіцця — гематом або драпін — на ім, здаецца, не было. Аляксандр быў спакойны, распавядаў, што свае віны ні ў чым не прызнае, што ў яго патрабавалі пароль ад тэлефона, але ён адмовіўся яго назваць. Адмовіўся таксама і ад паслуг дзяржаўнага адваката. Прыблізна на 5-6 дзень яго забралі на допыт да следчага, і вярнуўся ён толькі праз пяць гадзін. Вярнуўшыся, распавёў, што яму інкрымінуюць крымінальны артыкул за "спрыянне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання", і што абвінавачанне тычыцца ягоных відэаздымак, паказаных на "экстрэмісцкім" інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў абсталяванні, якое забралі з дома, бо сам ён нічога следчым прынцыпова не распавядаў".
16 красавіка 2024 г. у Аляксандра адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Старшыня судовай камісіі Таццяна Васілевіч.
3 траўня 2024 г. унесены МУС у "спіс экстрэмістаў".
Адбывае тэрмін у ПК № 15.
Барысаўскага фатографа асудзілі да трох гадоў калоніі