Аляксандр Капшуль
былы юрысконсульт ААТ "Нафтан"
Дата нараджэння: 24 верасня 1978
Дата затрымання: 24 верасня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
арт. 295 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў
арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве
Вынік суда: 15 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Суддзя: Піскуноў Аляксандр
Месца зняволення: СІЗА-3

Аляксандр Сяргеевіч Капшуль — былы юрысконсульт ААТ "Нафтан" заводу "Палімір". Мае жонку і дваіх непаўнагадовых дзяцей.
25 верасня 2021 г. стала вядома, што мужчыну затрымалі ў Расійскай Федэрацыі, дзе ён быў па прыватных справах. Калі пачаліся затрыманні, Капшуль паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву. Але проста па дарозе ў цягніку "Варонеж-Масква" ў Аляксандра праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў з цягніка. Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расійска-ўкраінскую мяжу Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ. Пасля мужчыну змясцілі ў СІЗА КДБ.
Аляксандр праходзіць па крымінальнай справе, узбуджанай паводле артыкулу аб здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў "Рабочы рух". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 г. была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых.
Таксама яму ставяць у віну ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі) і ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Вядома, што 24 траўня 2022 г. у Аляксандра памерла маці, аднак на пахаванне яго не адпусцілі.
9 лістапада 2022 г. у Гомельскім абласным судзе распачаўся разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных. На другі дзень працэсу ўсе фігуранты справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Усе фігуранты "справы Рабочага Руху" на судзе адмовіліся даваць паказанні.
27 снежня працэс закрылі да вынясення прысуду, хаця да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме. Прычына невядомая.
Вядома, што 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Пры гэтым першыя некалькі дзён ён нават не піў вады. 10 лютага яго змясцілі ў карцар СІЗА-3.
У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 г. вынеслі прысуд па "справе Рабочага Руху". Суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Аляксандра вінаватым паводле ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 15 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічыняў.
Аляксандр спыніў галадоўку 20 лютага 2023 г.: пасля 51 дня адмовы ад ежы ягоны стан здароўя ацэньваецца як задавальняльны, але мужчына дужа схуднеў.
Палітвязень Аляксандр Капшуль у красавіку 2023 г. увайшоў у тройку фіналістаў прэстыжнай міжнароднай праваабарончай Прэміі за глабальную абарону (Global Advocacy Award).
![]()
Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па "справе Рабочага Руху"
![]()
Гісторыя супрацоўніка новаполацкага "Нафтана", якога судзяць за "здраду дзяржаве"
![]()
Палітвязні абскардзяць рашэнне КДБ аб прызнанні "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем"
![]()
Другі дзень суда па "справе Рабочага Руху": усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве
![]()
У Гомелі сёння распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў
![]()
13 затрыманых па "справе Рабочага руху". Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць?