Вікторыя Кульша
адміністратарка тэлеграм-каналу "Кіроўцы 97%"
Дата нараджэння: 26 лютага 1982
Дата затрымання: 4 лістапада 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
арт. 411 Крымінальнага кодэкса — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы
Вынік суда: 4 гады і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Хвайніцкая Жанна, Мальцаў Сяргей, Іванюценка Станіслаў
Пракурор: Кароль Аляксандр
Месца зняволення: ПК № 24

Вікторыя Аляксандраўна Кульша да затрымання працавала інжынеркай па ахове працы. Паводле адукацыі яна юрыстка, таксама скончыла курсы манікюру і масажу.
Была адміністратаркай тэлеграм-канала і чата "Кіроўцы 97%", за што і была затрыманая 4 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Жанчыну змясцілі ў СІЗА-1 у Мінску.
Першапачаткова ёй было прад'яўленае абвінавачванне паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У лютым 2021 года стала вядома, што абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У судзе Заводскага раёна 4 чэрвеня 2021 года быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”. Слуханні па справе праходзілі ў закрытым рэжыме. Падчас спрэчак пракурор запрасіў пакараць палітвязняў Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Таццяну Шкробат, якая супрацоўнічала са следствам і прызнала віну, — трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Жанна Хвайніцкая.
У гомельскай жаночай калоніі № 4 на выязным пасяджэнні 13 чэрвеня 2022 г. разглядзелі крымінальную справу Вікторыі Кульшы паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Працэс праходзіў у будынку папраўчай калоніі, таму сваякоў на пасяджэнне не пусцілі. Суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомеля Сяргей Мальцаў прысудзіў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.
Вікторыю судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі гомельскай калоніі № 4. Так, сярод "парушэнняў" у яе былі: "знішчэнне ліста, напісанага да дачкі"; "выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы"; "знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто", "пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася". У калоніі палітзняволеную прызналі "злоснай парушальніцай рэжыму". У адносінах да Вікторыі агулам было выпісана 34 спагнанні. Паводле матэрыялаў справы, Вікторыя прыехала ў калонію ўжо з 24 спагнаннямі. На судзе яна заявіла, што "ад самага пачатку да яе было пільнае і староннае стаўленне з боку адміністрацыі". Яна ўпэўнена, што "абвінавачанне з'яўляецца цалкам надуманым", а вінаватай сябе не лічыць.
Да разгляду апеляцыйнай скаргі Вікторыю змясцілі ў гомельскі СІЗА-3. Гомельскі абласны суд 10 жніўня 2022 г. разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай на прысуд суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Прысуд пакінулі без зменаў.
22 жніўня 2022 г. палітзняволеную этапавалі ў папраўчую калонію № 24.
Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.
Вікторыю Кульшу зноў судзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК, але гэтым разам — за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ў Зарэччы. Вядома, што па прыбыцці ў калонію палітзняволеную змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ на шэсць месяцаў. Чарговы суд над жанчынай распачаўся 6 красавіка 2023 г. у Рэчыцы. На наступны дзень, 7 красавіка 2023 года, суддзя Станіслаў Іванюценка прызнаў Вікторыю вінаватай і прысудзіў ёй яшчэ адзін год пазбаўлення волі (цяпер канчатковы тэрмін складае чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму).
З 14 красавіка 2023 г. Вікторыя ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА-3.
Гомельскі абласны суд 14 чэрвеня 2023 г. разглядзіць апеляцыйную скаргу Вікторыі.
З 22 чэрвеня 2023 г. адбывае пакаранне ў ПК № 24.
У кастрычніку 2023 г. Вікторыю чарговы раз змяшчалі ў ШІЗА на 30 сутак. А ў лістападзе палітзняволеную змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Тэрмін і прычыны спагнання пакуль невядомыя.
![]()
Палітзняволенай Вікторыі Кульшы ў трэці раз дадалі тэрмін па крымінальнай справе
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык
![]()
"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных
Палітзняволенай Вікторыі Кульшы пакінулі прысуд у сіле. Ёй пагражаюць ціскам у новай жаночай калоніі для "рэцыдывістак"
«Падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных сродкаў"»: як улады пераследуюць палітзняволеную Вікторыю Кульшу
![]()
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў калоніі асудзілі да яшчэ аднаго году зняволення
![]()
У Мінску трох адміністратараў каналу "Кіроўцы 97%" адправілі ў калонію
![]()
Адміністратараў тэлеграм-каналу "Кіроўцы 97" судзяць у закрытым рэжыме
Палітзняволенай Вікторыі Кульша далі 10 сутак карцару за бчб-заколку