Васіль Ермакоў

Палітвязень

Дата нараджэння: 14 сакавіка 1987

Дата затрымання: 5 ліпеня 2022

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
  • арт. 352 Крымінальнага кодэкса — Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй
  • арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных

Вынік суда: 6 гадоў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму

Дата пачатку адбыцця пакарання: 12 траўня 2023

Суддзя: Міснік Алена

Месца зняволення: ПК № 3

Групы: Дзяржслужачыя

Справы: Пратэсты Мінск, Справа ЧКБ

У спісе «тэрарыстаў» (грашовыя пераводы забароненыя)

Васіль Уладзіміравіч Ермакоў — экс-супрацоўнік банка «БелВЭБ», затрыманы на пачатку ліпеня 2022 года. Праўладныя Telegram-каналы сцвярджалі, што яго затрымалі нібыта за «зліў» асабістых звестак сілавікоў, настаўнікаў і лекараў. У «пакаяльным» відэа Ермакоў распавядаў, што ўдзельнічаў у мітынгах у Мінску і перадаў інфармацыю пра супрацоўнікаў МУС у бот «Чорнай кнігі Беларусі», «скарыстаўшыся службовымі паўнамоцтвамі».

Разгляд яго справы пачаўся 13 лютага 2023 года ў Мінскім абласным судзе. 35-гадовага мужчыну абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютэрнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватнага жыцця і персанальных дадзеных).

Суддзя Алена Міснік 17 лютага 2023 года прызнала Васіля вінаватым і прызначыла яму шэсць гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што яго асудзілі за перадачу асабістых звестак аднаго сілавіка — экс-начальніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова. Сукамернік Васіля з ІЧУ на Акрэсціна распавёў падрабязнасці затрымання Васіля:

"Ён быў моцна збіты, нават у параўнанні з тымі, каго затрымліваў ГУБАЗіК. У яго былі зламаныя рэбры. Губазікаўцы пагалілі галаву Васіля машынкай. Прычым не зрабілі гэта акуратна, а часткамі, таму валасы на галаве дзесьці былі, а дзесьці — не. Яны здзекваліся з яго. Такая асаблівая ўвага да яго была не проста так. Як расказваў сам Васіль, ён не зліваў людзей у "Чорную кнігу Беларусі", а ён перадаў дадзеныя аднаго канкрэтнага чалавека — экс-начальніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова.

У той дзень, калі Карпянкоў разбіў дубінкай шкло ў той кавярні на Нямізе, ён нейкім чынам тады таксама пашкодзіў машыну Васілю. Тады ён напісаў на Карпянкова заяву ў ДАІ, але там яму ці адмовілі, ці сказалі забраць заяву. Тады Васіль вырашыў, што калі заяву не прымуць, то ён выкладзе яго асабістыя дадзеныя ў сеціве. Я так разумею, што так яно і адбылося. Васіль знаходзіўся ў Беларусі, мяркуючы, што ён зрабіў гэта ананімна, але цяпер мы ведаем, што адбылося ў "Чорнай кнізе Беларусі".

Таксама сукамернік прыгадвае: 

"Пасля збіцця трапіў у бальніцу. Следчы прапаноўваў пісаць ліст выбачэння Карпянкову, але той сказаў, што падумае, і гэта вельмі не спадабалася супрацоўнікам.

Сукамернік яго апісвае як спакойнага і добрага чалавека. Калі Васіль дазнаўся, што на "Валадарцы" сядзеў Якуб Колас, то яго гэта вельмі падтрымала і ён гаварыў: "Калі ўжо Якуб Колас тут прасядзеў, то і Вася прасядзіць".

"Ён стараўся падыходзіць да ўсяго з гумарам. Стараўся знаходзіць пазітыўныя бакі ва ўсім", - кажа сукамернік.

- "На волі яго чакае дачка. Васіль вельмі хваляваўся за яе".

12 траўня 2023 г. у Вярхоўным судзе суддзя Эдгар Марцірасян разглядзеў апеляцыйную скаргу — прысуд пакінулі без зменаў.

19 траўня 2023 г. КДБ дадаў палітзняволенага ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".

4 чэрвеня 2023 г. палітвязня этапавалі ў ПК № 3 з СІЗА-1.

Экс-супрацоўніка банка "БелВЭБ" асудзілі па "справе ЧКБ" да шасці гадоў калоніі

У Мінскім абласным судзе 17 лютага агучылі прысуд былому супрацоўніку банка "БелВЭБ" Васілю Ермакову — шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

 

Адрас утрымання: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»