Уладзімір Жураўка

былы аператар ДПК цэху "Аміяк-3"

Палітвязень

Дата нараджэння: 13 чэрвеня 1985

Дата затрымання: 18 верасня 2021

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
  • арт. 188 Крымінальнага кодэкса — Паклёп
  • арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве

Вынік суда: 15 гадоў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў турме ва ўмовах агульнага рэжыму

Суддзя: Піскуноў Аляксандр, Карцінін Павел

Месца зняволення: Турма № 4

Групы: Рабочыя

Справы: Справа “Рабочага руху”

Іншыя пазнакі: Турэмны рэжым

Сімвалічны(ая) хросны(ая): Рэйчэл Маскел, дэпутатка ад лейбарыстаў у парламенце Вялікабрытаніі

Уладзімір Іванавіч Жураўка — былы аператар дыстанцыйнага пульта кіравання цэху "Аміяк-3" на "Гродна Азот".

Уладзімір быў затрыманы 18 верасня 2021 года, ён праходзіць па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў "Рабочы рух". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых. Таксама яму ставяць у віну арт. 188 КК (паклёп) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).

Уладзіміра змясцілі ў СІЗА КДБ, пасля перавялі ў СІЗА-3.

9 лістапада 2022 г. у Гомельскім абласным судзе распачаўся разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных. На другі дзень працэсу ўсе фігуранты справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць.  Усе фігуранты "справы Рабочага Руху" на судзе адмовіліся даваць паказанні. 27 снежня працэс закрылі да вынясення прысуду, хаця да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 г. вынеслі прысуд па "справе Рабочага Руху". Суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Уладзіміра вінаватым паводле арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 15 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 (Бабруйск). 

11 жніўня 2023 г. МУС унёс палітзняволенага ў "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

16 лістапада 2023 г. у Бабруйску адбыўся суд па справе аб замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму. Ён адбывае тэрмін у магілёўскай турме № 4.

Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па "справе Рабочага Руху"

На працэсе стала вядома, што Zoom-канфэрэнцыі запісваў супрацоўнік ад спецслужб — гэта з'яўляецца адным з галоўным доказам па справе. На працэсе агучылі падрабязнасці таго, як і хто ствараў і распаўсюджваў розныя ўлёткі ў пэрыяд 2020–2021 гадоў. Таксама зачыталі пратаколы допытаў абвінавачаных і сведак. На гэтым тыдні суд перайшоў да прагляду запісаў zoom-канфэрэнцыяў. На іх у тым ліку прысутнічалі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе штабу.

Палітвязні абскардзяць рашэнне КДБ аб прызнанні "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем"

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 лютага разгледзяць скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем, забароне яго дзейнасці. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы. Разгляд скаргі будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Другі дзень суда па "справе Рабочага Руху": усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве

10 лістапада ўсе дзесяць палітвязняў не прызналі сваю віну ў здрадзе дзяржавы і стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Толькі адзін Андрэй Пагерыла прызнаў віну паводле арт. 188 КК (паклёп).

У Гомелі сёння распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў

Іх усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. У справе 30 тамоў. Працэс вядзе суддзя Аляксандр Піскуноў. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.

13 затрыманых па справе «Рабочага руху». Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць?

На працягу трох дзён — 21-23 верасня — пракацілася хваля затрыманняў завадчанаў і стачкамаўцаў з «Гродна Азот», Беларускага металургічнага заводу, Беларускай Чыгункі і «Нафтана». Некалькі чалавек з «Гродна Азот» выпусцілі, астатнія 13 чалавек былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і гомельскае СІЗА №3. Па папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў межах артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» распавядае, хто знаходзіцца ў статусе затрыманых і што вядома па «справе Рабочага руху».

Адрас для лістоў: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»