Кірыл Казей
Палітвязень
Дата нараджэння: 28 ліпеня 1983
Дата затрымання: 13 лістапада 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 218 Крымінальнага кодэкса — Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры
- арт. 295 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў
- ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Асабліва злоснае хуліганства
Вынік суда: 7 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Суддзя: Касцюкевіч Анжэла
Месца зняволення: ПК № 3
Справы: Пратэсты Мінск
Кірыл Аляксандравіч Казей - жыхар Мінска. Да затрымання працаваў у кампаніі, якая прадае кампутарную тэхніку. Жанаты, ёсць дзеці 7 і 10 гадоў.
"Дзеці вельмі сумуюць, таму што так шчыра і з поўнай аддачай гуляць у даганялкі, хованкі, ладзіць квэсты і ўсякія розыгрышы - я, шчыра кажучы, не ўмею. Атрымліваецца, што ўсе ўспаміны пра тату ў дзяцей - гэта суцэльнае свята! Мы спартыўная сям'я. Летам - ровары, узімку - горныя лыжы. Кірыл яшчэ і аматар бегу. Чатыры апошнія гады ўдзельнічаў у Мінскім паўмарафоне на дыстанцыі 21 км. А яшчэ мы не можам жыць без паездак і падарожжаў. Думалі ў гэтым (2021) годзе, улічваючы, што межы зачыненыя, актыўна паездзіць па Беларусі, паказаць дзецям родную гісторыю. Шкада, планы былі жорстка парушаныя..."- распавядае пра Кірыла яго жонка.
27 кастрычніка 2020 года ў сацсетках з'явілася відэа, як кіроўца BMW б'е мужчыну проста на дарозе. Да гэтага мужчына махаў бел-чырвона-белым сцягам, і такую рэакцыю кіроўцы многія звязалі з яго палітычнай пазіцыяй (пазней нападнік патлумачыць, што інцыдэнт не звязаны з палітыкай). Відэа бойкі разышлося ў сацсетках і тэлеграм-каналах, там жа з'явіўся адрас і нумар тэлефона кіроўцы – Дзмітрыя Давыдзюка. І, па версіі следства, у адным з чатаў трое жыхароў Мінска вырашылі правучыць мужчыну: пракалоць шыны яго аўто. Ноччу 28 кастрычніка яны прыехалі да яго ў двор, але на падыходзе двое (Кірыл Казей і Юрый Сяргей) былі затрыманыя байцамі АМАП, яшчэ адзін удзельнік паспеў схавацца і цяпер знаходзіцца ў вышуку. Пры асабістым вобшуку ў Казея быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет без куль і балона, у Сяргея - самаробны нож, які экспертыза прызнала халоднай зброяй. А на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля Казея былі выяўленыя сцягі, улёткі, феерверкі, лазерныя ўказкі, ручная граната і 58 патронаў. Агляд машыны быў паказаны ў сюжэце на дзяржТВ.
Сяргея і Казея абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: падрыхтоўка да здзяйснення асабліва злоснага хуліганства (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), падрыхтоўка да наўмыснага знішчэння альбо пашкоджання маёмасці (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), незаконнае захоўванне боепрыпасаў (ч. 3 арт. 295 КК). З 13 лістапада 2020 года яны знаходзяцца пад вартай.
На судзе Казей і Сяргей не прызналі сваёй віны. Кірыл Казей распавёў падрабязна пра затрыманне, пра гвалт, які чынілі амапаўцы, пра пагрозы і здзекі ў РУУС з боку міліцыянтаў.
31 сакавіка 2021 года суддзя суда Заводскага раёна Анжэла Касцюкевіч агучыла наступныя прысуды: Кірылу Казею - 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыю Сяргею - 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Напярэдадні пракурор запрасіла менавіта такое пакаранне.
Тэрмін палітвязень адбывае ў віцебскай калоніі № 3. Па інфармацыі праваабаронцаў, на палітвязня цісне адміністрацыя ўстановы: яго часта змяшчаюць у ШІЗА і ўтрымліваюць там па некалькі месяцаў на год.
Збівалі, пагражалі, падкінулі гранату і патроны. Абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах даў паказанні ў судзе
Спрэчкі бакоў і апошняе слова Кірыла Казея і Юрыя Сяргея
6 і 7 гадоў узмоцненага рэжыму. Вынесены прысуд па справе за намер пракалоць колы