Ганна Кандраценка
Палітзняволеная
Дата нараджэння: 13 красавіка 1985
Дата затрымання: 5 траўня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
- арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- арт. 391 Крымінальнага кодэкса — Абраза суддзі
Вынік суда: 3 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Панасенка Наталля, Краўчанка Вольга
Месца зняволення: ПК № 4
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Заява аб прызнанні палітзняволенай
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Марыя Нойхль — дэпутатка Еўрапейскага парламента ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, старшыня жаночай групы СДПГ
Ганну Аляксандраўну Кандраценку абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады, абраза Лукашэнкі і абраза суддзі альбо народнага засядацеля.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 12 ліпеня 2022 г. завяршыўся разгляд крымінальнай справы. Судовы працэс вяла суддзя Наталля Панасенка.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў 12 ліпеня 2022 г. суд прызнаў Кандраценку вінаватай ва ўчыненні злачынстваў па ч. 1 арт. 368, арт. 369 і арт. 391 Крымінальнага кодэкса і па сукупнасці прысудаў ёй прызначанае канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).
Утрымлівалася ў магілёўскай Турме № 4. Адбывае пакаранне ў ПК № 4.
Была ўнесеная ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У ліпені 2023 г. стала вядома, што палітзняволеная знаходзіцца ў Турме № 4.
11 ліпеня 2023 г. у Кастрычніцкім судзе Магілёва палітзняволеную асудзілі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Вольга Краўчанка. Вынік — 1 год пазбаўлення волі і 50 базавых велічыняў штрафа.
Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, у сукупнасці ў Ганны застаўся той жа тэрмін у 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Па ўсіх крымінальных справах яна цяпер вінная дзяржаве больш за 5 тысяч беларускіх рублёў.
Вось што кажа пра Ганну былая палітзняволеная:
“Аня загіне у тых турмах. Да яе следчы у калонію прыехаў, а яна нагаварыла на новы тэрмін. Ане вельмі цяжка, у яе падтрымкі амаль не было ад родных, у яе толькі мама пенсіянерка, якая жыве на мінімальную пенсію.
Аня высокая і худзенькая. У яе псарыяз, які пасля працы з сінтэпонам яшчэ больш прагрэсаваць пачаў. Аня ніткі абразала і выварочвала рэчы. Ад тых шмулянняў аб тканіну ў яе стала ўсе горш”.
16 лістапада 2023 г. сталя вядома, што Ганну вярнулі ў ПК № 4.
За абразу суддзі, чыноўніка, супрацоўніка міліцыі і прэзідэнта вынесены прысуд жыхарцы Магілёва