Андрэй Пачобут
журналіст
Дата нараджэння: 16 красавіка 1973
Дата затрымання: 25 сакавіка 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
Вынік суда: 8 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Суддзя: Бубенчык Дзмітрый
Месца зняволення: Турма № 1
Заява аб прызнанні палітвязнем
Сімвалічны/ая хросны/ая: Роберт Бедрань, дэпутат Еўрапарламента

Андрэй Станіслававіч Пачобут — гродзенскі журналіст і сябра "Саюзу палякаў Беларусі".
Ён быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне пасля доўгага ператрусу ў сваім доме. Затым Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму). Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму № 8.
У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
У сярэдзіне жніўня 2022 г. Андрэй пачаў знаёміцца са справай. Стала вядома, што палітвязню таксама выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.
Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі: пачатак працэсу прызначалі на 28 лістапада, на 9 студзеня. У выніку працэс распачаўся 16 студзеня 2023 г. у Гродзенскім абласным судзе. Бок пракуратуры настаяў, каб пасяджэнні адбываліся ў закрытым рэжыме.
8 лютага 2023 г. суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў Пачобута вінаватым і прызначыў яму восем гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
![]()
У Гродне ў судзе над палітвязнем Андрэем Пачобутам пачалі дапытваць сведак
![]()
Пачаўся суд над вядомым гродзенскім журналістам і сябрам "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэем Пачобутам
![]()
Панк, шахматыст, сядзеў за абразу Лукашэнкі: хто такі Андрэй Пачобут, якога затрымалі за "распальванне нацыянальнай варажнечы"
![]()
"Вельмі небяспечная тэндэнцыя". Ціск на польскую меншасць у Беларусі працягваецца
Раней ужо быў палітычным зняволеным. Гродзенская абласная пракуратура ўзбудзіла супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзідэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Віталь Ляцко асудзіў яго на тры гады пазбаўлення волі за паклёп на прэзідэнта з адтэрміноўкай на два гады. Паводле артыкулу, які тычылася абразы прэзідэнта, журналіст быў апраўданы і вызвалены ў зале суда.