Наста Лойка
Дата нараджэння: 6 студзеня 1989
Дата затрымання: 28 кастрычніка 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Месца зняволення: СІЗА-1

Наста Лойка (Анастасія Юр'еўна Лойка) — праваабаронца, была затрымана 28 кастрычніка 2022 года. Да гэтага яна адбывала 30 сутак паводле двух іншых адміністрацыйных арыштаў. Пасля затрымання з'явілася "пакаяльнае відэа", дзе Наста "прызнаецца" ў тым, што нібыта "атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый".
На наступны дзень пасля затрымання ёй прысудзілі арышт у 15 сутак па арт. 19.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Пасля заканчэння арышту Наста на волю не выйшла, і яе ізноў асудзілі за "дробнае хуліганства" на 15 сутак. 29 лістапада праваабаронцу яшчэ раз асудзілі на 15 сутак. 14 снежня яе арыштавалі ізноў — чацвёрты раз запар.
Дома Насту застаўся чакаць пёс Эрык.
Наста — лаўрэатка Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі "Праваабаронца года".
Камітэт ААН па правах чалавека 17 снежня зарэгістраваў скаргу Насты Лойкі. Пакуль справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце, дзяржава абавязана даць праваабаронцы неадкладны доступ да незалежнай меддапамогі, а таксама забяспечыць захаванасць яе жыцця і здароўя — фізічнага і ментальнага, у тым ліку з дапамогай прадастаўлення прыдатнага для сезону адзення.
Напрыканцы снежня палітзняволенай праваабаронцы выставілі абвінавачванне паводле двух артыкулаў: вядома, што адзін з іх — арт. 342 КК. Насту перавялі ў СІЗА-1.
Паводле інфармацыі Human Constanta, на судзе Наста заявіла, што падчас арышту яе двойчы адводзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ударылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін. Наста моцна захварэла. За ўвесь гэты час на Акрэсціна атрымалася перадаць лекі, аднак ёсць інфармацыя, што яны так і не дашлі да Насты. Яна па-ранейшаму знаходзіцца ў зняволенні без цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены.
![]()
Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год