Вольга Галубовіч

Былая палітзняволеная

Дата нараджэння: 15 траўня 1976

Дата затрымання: 12 красавіка 2021

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх

Вынік суда: 2 гады і 6 месяцаў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

Дата вызвалення: 16 снежня 2022

Суддзя: Арэшка Уладзімір

Пракурор: Кавалёў Міхаіл

Справы: Справа "змоўшчыкаў"

Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем

Вольга Пятроўна Галубовіч — супрацоўніца мінскага офіса юрыста Юрыя Зянковіча. Вольгу затрымалі 12 красавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 Крымінальнага кодэксу).

Вядома, што жанчына пакутуе на астму.

На пачатку чэрвеня 2022 года КДБ скончыў папярэдняе расследаванне крымінальнай справы. Тады стала вядома, што Вольгу Галубовіч канчаткова вінавацяць па іншым артыкуле Крымінальнага кодэксу — ч. 1 арт. 342 (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

9 чэрвеня 2022 г. Генпракуратура паведаміла, што справу "аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" накіравалі ў суд. Фігурантаў справы перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА-1.

Разгляд справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. У другі дзень пасяджэння Вольга прызнала сваю віну. 30 жніўня дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітзняволенай 3 гады калоніі. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Вольгу вінаватай і прысудзіў ёй 2,5 гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Неўзабаве Вольгу перавялі з СІЗА-1 у жаночую гомельскую калонію № 4.

Палітзняволеная цалкам адбыла тэрмін і ў снежні 2022 г. выйшла на волю.

Да 11 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе змоўшчыкаў"

Вольга Галубовіч падчас апошняга слоў плакала, казала, што сама прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у пратэсных акцыях: "Гэтыя 17 месяцаў у СІЗА жудасныя, без дзяцей і мамы. І яшчэ паставілі на ўлік як экстрэмістаў". Паводле яе словаў, гэта 17 месяцаў суцэльнага пакарання, нягледзячы на тое, што яна сама напісала прызнавальныя паказанні.

Ад 3 да 12 гадоў калоніі — пракурор запрасіў тэрміны па "справе змоўшчыкаў"

"Аператыўны эксперымент дазволіў не дапусціць ваеннага перавароту і кровапраліцця", — падкрэсліў дзяржаўны абвінаваўца, выступаючы ў спрэчках. На думку пракурора, два фігуранты справы – Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч – не бралі ўдзелу ў змове, накіраванай на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.

Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"

Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кавалёў. "Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.

Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў

У суд пад канвоем дастаўлены кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук. У судзе ён даваў паказанні ў якасці сведкі, пытанні задаваў яму дзяржаўны абвінаваўца. Ярашук распавёў, што знаёмы з шэрагам абвінавачаных па гэтай справе, з асноўным фігурантам справы Юрыем Зянковічам — з 2000-х гадоў. Ярашук паведаміў суду, што сустракаўся з Зянковічам у жніўні 2020 года, той прыходзіў да яго ў офіс у Мінску. Аляксандр даў паказанні аб тым, што Зянковіч разглядаў варыянт змены ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў

8 жніўня Юры Зянковіч прызнаў сваю віну цалкам і не адмаўляў, што з'яўляўся арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэння ў саўдзельнікаў. Раней стала вядома, што Зянковіч — адзіны з абвінавачаных па гэтай справе, які заключыў здзелку са следствам. Як удакладніў дзяржабвінаваўца падчас судовага паседжання па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту, Зянковіч даў чыстасардэчнае прызнанне, заявіў, што абавязваецца дапамагаць у расследаванні і выкрыць удзельнікаў злачынства.

Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"

Прагляд відэа пачаўся з таго, як абвінавачаны Зянкевіч сустракаецца ў рэстаране з "сілавіком" Аляксеем Жураўскім і абмяркоўвае пытанні, звязаныя са спробай змены ўлады неканстытуцыйным шляхам. У судзе таксама быў агалошаны дыялог Зянковіча і Жураўскага. Тады Зянковіч сказаў, што змоўшчыкам патрэбен "які-небудзь генерал" і параіў Жураўскі "падысці (да генерала) і падаруначак прынесці".

Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў

Паказанні ў судзе даў муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч, ён грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі. Адказваючы на пытанні пракурора, муж абвінавачанай пацвердзіў інфармацыю аб тым, што яго жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча, частка якіх, як ўстанавіла следства, ішлі на аплату штрафаў пратэстоўцаў. Паводле яго словаў, за паслугі Вользе Галубовіч плацілі кожны месяц па 200 даляраў.

Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы

Як вынікае з матэрыялаў справы, якія зачытвае пракурор, папярэдняе следства па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту некалькі разоў падаўжалася. З яго ў асобную вытворчасць была выдзелена справа ў дачыненні да Вольгі Галубовіч, а таксама грамадзяніна ЗША Дзмітрыя Шчыгельскага.

Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні

Вольга распавяла, што прымала ўдзел у Маршах ў жніўні 2020 года ў Мінску: "Я сапраўды прысутнічала і знаходзілася на Маршах 3-4-й гадзіны. Я заўсёды была з мабільным тэлефонам. Пра першы марш я прачытала ў Telegram-канале і вырашыла, што варта далучыцца".

Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў

45-гадовая сяброўка партыі БНФ, былая бухгалтарка мінскай фірмы Зянковіча "Амерыканскі юрыдычны цэнтр" Вольга Галубовіч прызнала віну ў судзе ў поўным аб'ёме. Яе судзяць толькі за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Як паведамлялася ў прапагандысцкіх фільмах, яна ўдзельнічала ў перадачы грошай для тых афіцэраў арміі, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у мецяжы.

Сёння пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

Суд праходзіць у будынку Мінскага раённага суда. Судовы працэс вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой.

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»