Уладзімір Булаўскі
культурны мэнэджар
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 15 лютага 1989
Дата затрымання: 14 снежня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў
Вынік суда: 2 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 5 чэрвеня 2023
Дата вызвалення: 1 лістапада 2024
Суддзя: Юрчанка Міхаіл
Групы: Дзеячы культуры
Справы: Пратэсты Віцебск
Уладзімір Ігаравіч Булаўскі — віцебскі актывіст і культурны мэнэджар. Першы раз ён быў затрыманы ў асноўны дзень галасавання на рэферэндуме, 27 лютага 2022 г., і арыштаваны на 15 сутак. Уладзімір мусіў выйсці на волю, але дадому яго прывезлі пяць сілавікоў, зладзілі ператрус і зноў забралі актывіста з сабой.
Другі раз яго затрымалі пасля таго, як 14 снежня 2022 г. у Віцебску былі затрыманыя яшчэ трое асобаў, якія, як і Уладзімір Булаўскі, звязаныя з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Гэта заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін, а таксама нехта Ларкоў, імя і пасада якога пакуль не вядомыя.
Як паведамляла "Віцебская Вясна", паводле меркаванняў наведвальнікаў паба, адной з прычын затрымання мог быць нядаўні канцэрт беларускай спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa (сапраўднае імя Яна Смаляга, жонка былога палітвязня Лявона Халатрана). Але, імаверна, канцэрт быў толькі нагодай для праверкі дзейнасці ўстановы. Як высветлілася пазней, УДФР распачаў справу за нясплату падаткаў. Відаць, Булаўскага як арганізатара канцэртнай дзейнасці ў Віцебску таксама затрымалі ў межах гэтай справы.
Вядома, што падчас знаходжання ў СІЗА-2 у мужчыны памёр бацька, але адміністрацыя не адпусціла Уладзіміра на пахаванне.
У выніку супраць віцебскага арт-менеджара распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК.
Уладзіміра пачнуць судзіць 15 траўня 2023 г. у судзе Першамайскага раёна Віцебска. Справу будзе разглядаць суддзя Міхаіл Юрчанка. Стала вядома, што Булаўскага абвінавачваюць паводле арт. 342-2 КК (Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
26 траўня 2023 г. Уладзіміру Булаўскаму прысудзілі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове.
Палітвязень не абскарджваў прысуд і быў этапаваны ў ПК № 2 для адбыцця пакарання.
23 чэрвеня 2023 г. МУС унесла палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".
Выйшаў на волю 1 лістапада 2024 г.
Віцебскаму арт-менеджэру Уладзіміру Булаўскаму прызначылі два гады калоніі