Юрый Басалай

Былы палітвязень

Дата затрымання: 1 сакавіка 2022

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
  • ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса — Незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту

Вынік суда: 2 гады і 6 месяцаў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

Дата вызвалення: 13 ліпеня 2024

Суддзя: Кірыловіч Аляксандр

26 траўня ў судзе Івацэвіцкага раёна разгледзелі справу ў дачыненні да рабочага мясцовага ААТ Юрыя Аркадзевіча Басалая. Яго абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасыланне наркатычных сродкаў» (ч. 1 арт. 328 КК).

Усё пачалося 9 лістапада 2020 года. У той дзень Басалай у адным з Telegram-чатаў пад пастом з фатаграфіяй супрацоўніка АМАП напісаў каментар са словам «тварь». Гэтым Басалай падтрымаў меркаванне большасці ўдзельнікаў чата, якія абмяркоўвалі амапаўца.

Праз год, у сярэдзіне лістапада 2021-га, Юрый Басалай вырашыў з'ездзіць на поле паблізу ад адной з вёсак Івацэвіцкага раёна, каб нарваць там лісце дзікарослых канопляў для асабістага ўжывання. Там ён убачыў невялікую палянку канопляў — сарваў некалькі кустоў і склаў іх у пакет. Туды і назад дабіраўся на спадарожных машынах. Затым у сваёй кватэры Юрый падзяліў сабраныя каноплі на дзве часткі — адну скурыў на працягу некалькіх месяцаў, а другую захоўваў у слоіку на сваёй кухні, у маразільнай камеры лядоўні.

1 сакавіка 2022 года ў кватэру да Юрыя наведаліся супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы, распачатай за абразу амапаўца. Яны і знайшлі ў халадзільніку слоік «з нейкім сыпкім рэчывам». Калі адзін з міліцыянтаў паставіў ёмістасць на стол, то Басалай схапіў яе і паспрабаваў выкінуць праз акно — аднак супрацоўнікі міліцыі паспелі яму перашкодзіць. Тады Юрый прызнаўся, што ў слоіку знаходзіцца марыхуана.

Акрамя таго, падчас агляду кватэры былі забраныя мабільны тэлефон, два ноўтбукі, а таксама пратэсныя стыкеры і бел-чырвона-белы сцяг. А самога Юрыя Басалая адправілі пад варту.

Юрыя Басалая асудзілі да зняволення тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вядома, што Юрыя паўторна абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады". 22 жніўня 2022 г. суддзя Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік прызнала палітвязня вінаватым і на падставе ч. 5 арт. 72 КК прызначыла яму канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Утрымліваўся ў СІЗА-7. 

Па падліках, выйшаў на волю 13 ліпеня 2024 г. 

Палітзняволенага Юрыя Басалая, які ўжо некалькі месяцаў адбывае тэрмін па папярэдняй справе, ізноў асудзілі за каментар

Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя рашэнні.

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»