Ірына Паляніна
Былая палітзняволеная
Дата нараджэння: 28 траўня 1971
Дата затрымання: 26 красавіка 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
- арт. 295 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў
Вынік суда: 2 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 21 лістапада 2022
Ірына Юльянаўна Паляніна — жыхарка Паставаў, асуджаная на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады) жанчыну асудзілі да абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі", паводле арт. 295 Крымінальнага кодэксу — на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі.
Яе прызналі вінаватай у тым, што у снежні 2020 года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Таксама паводле версіі следства, Ірына знайшла ў доме сваёй маці патроны ад малакалібернай вінтоўкі і прынесла іх дахаты: там іх знайшлі ў швейнай машынцы падчас агляду.
Палітзняволеная цалкам адбыла тэрмін і ў лістападзе 2022 г. выйшла на волю з калоніі № 24.
Вядома, што Ірыну 8 лістапада 2023 г. выклікалі ў РАУС па пытанні падаўжэння прэвентыўнага нагляду, пасля чаго на волю яна так і не выйшла. Яе затрымалі да суда, а на выходныя пакінулі ў ІЧУ.
13 лістапада 2023 г. у судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Вынікам стала працягненне яго на два гады.
17 лістапада 2023 г. у судзе Пастаўскага раёна над Ірынай адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП. Яе арыштавалі на 7 сутак за рэпосты з "Белсату", "Хартыі-97", "Nexta" і "Рэальнай Беларусі".
Экс-палітзняволенай працягнулі прэвентыўны нагляд на два гады. На час суда яе змясцілі ў ізалятар
Паставы: два гады калоніі — за абразу прадстаўніка ўлады і патроны ў швейнай машынцы