Дзяніс Сяргееў
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 26 траўня 1994
Дата затрымання: 19 жніўня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў
Вынік суда: 3 гады
Від пакарання: абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
Дата пачатку адбыцця пакарання: 13 верасня 2021
Дата вызвалення: 20 кастрычніка 2023
Іншыя пазнакі: «Рэйд па салідарнасці»
Дзяніс Андрэевіч Сяргееў — жыхар Оршы, асуджаны на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") за абразу супрацоўніка роты ППС у інтэрнэце. Спярша Дзяніса абвінавачвалі ў абразе міліцыянта Вішнеўскага, аднак суд не знайшоў у датычных да яго дзеяннях складу злачынства.
Быў затрыманы 19 жніўня 2020 года. 21 жніўня ўзяты пад варту і правёў тры месяцы да суда ў СІЗА.
Першым судом інстанцыі быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пракурорка падала апеляцыю ў абласны суд у сувязі з мяккасцю прысуду, але рашэнне пакінулі без зменаў. Пасля гэтага апеляцыю падалі на імя старшыні абласнога суда — вердыкт ізноў застаўся першапачатковым.
Дзяніс Сяргееў стаў дома на ўлік на "хатнюю хімію" і адбыў на ёй паўгода.
Вярхоўны суд, аднак, адмяніў усе апеляцыйныя вызначэнні і адправіў справу на новы апеляцыйны разгляд, у выніку чаго хлопцу змянілі пакаранне на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
З 13 верасня 2021 г. адбывае пакаранне ў ПУАТ-36 у Мінску. Выйшаў на волю восенню 2023 г.
У Оршы 1 лютага 2024 г. адбыўся суд над Дзянісам паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай ды іншай экстрэмісцкай дзейнасці). Яго затрымлівалі 23 студзеня падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Паводле пратаколу, палітвязень "атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY у адрас інтэрнэт-крамы "Еўраопт". Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла Дзянісу штраф памерам 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы "замежных" аплат у Е-дастаўцы.