Дмітрый Карака
Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі
Былы палітвязень
Дата затрымання: 18 чэрвеня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 243 Крымінальнага кодэкса — Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў
Дата вызвалення: 12 кастрычніка 2021
Дзмітрый Віктаравіч Карака — адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты і яго сынам Эдуардам Бабарыка. Да затрымання дома ў Дзмітрыя Каракі прайшоў вобшук.
Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
43-гадовы Дзмітрый Карака большую частку свайго жыцця прысвяціў ваеннай службе, распавядаў "Белсат".
Пасля заканчэння ваеннай акадэміі ў 1998 годзе Карака стаў намеснікам начальніка на памежнай заставе "Брэст", у складзе Брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групы. Потым прайшоў заставы "Камянюкі", "Пясчатка", "Кацельня-Баярская", стаўшы там начальнікам. У 2005-2008 гадах жыў у Маскве, вучыўся ў памежнай акадэміі ФСБ. З 2008 года — афіцэр і старэйшы афіцэр аддзела арганізацыі памежнай службы ў Дзяржаўным памежным камітэце. Перад выхадам на пенсію ўзначальваў сектар арганізацыі паўсядзённага аператыўнага пошуку ў тым жа аддзеле.
«Мой муж — афіцэр, 20 гадоў аддаваў доўг Радзіме, ахоўваючы дзяржаўныя межы Беларусі, — расказвала яго жонка Мар'яна ў інтэрв'ю "Белсат". — За перыяд службы ён не меў ніводнага спагнання. Асабіста затрымаў больш за 200 парушальнікаў мяжы, двойчы быў узнагароджаны прэзідэнтам. Скончыў ён сваю службу вельмі годна — у Дзяржаўным памежным камітэце. У жніўні 2014 года ён выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка».
12 кастрычніка 2021 года Дзмітрыю Карака была зменена мера стрымання, ён быў вызвалены з СІЗА.
У Дзмітрыя Каракі з'явілася "хросная"
Ліза Мацоне, дэпутатка Рады дзяржаваў ад Швейцарскай партыі зялёных, стала “хроснай” Дзмітрыя Каракі