Андрэй Дзмітрыеў
палітык
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 12 траўня 1981
Дата затрымання: 11 студзеня 2023
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 28 чэрвеня 2023
Дата вызвалення: 20 красавіка 2024
Суддзя: Мурашка Кацярына
Групы: Палітыкі
Іншыя пазнакі: Шматдзетныя бацькі
Заява аб прызнанні палітвязнем
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Кевін Кюнерт, дэпутат нямецкага Бундэстага і генеральны сакратар сацыял-дэмакратычнай партыі
Андрэй Уладзіміравіч Дзмітрыеў — былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года, затрыманы паводле крымінальнай справы. Следчы камітэт паведаміў, што палітык часта ездзіў за мяжу.
Вядома, што палітык мае траіх дзяцей.
Андрэй Дзмітрыеў — сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання "Говори правду". Цягам 2021 году ў аб'яднанні прайшлі вобшукі, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакавалі. 12 жніўня 2021 году Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі.
Паўторна мужчыну затрымалі 11 студзеня 2023 году. Следчы камітэт паведаміў, што Дзмітрыеў нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, таму стаў падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Ведамства піша, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы».
Суд Маскоўскага раёна Мінска 5 красавіка 2023 г. пачаў разгляд крымінальнай справы супраць Андрэя Дзмітрыева. Дзяржаўнае абвінавачванне запатрабавала для яго два гады зняволення. Суддзя Кацярына Мурашка 6 красавіка 2023 г. прызначыла палітыку паўтара года зняволення ў калоніі.
3 траўня 2023 г. у Андрэя памерла маці.
23 чэрвеня 2023 г. ў Мінгарсудзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Анжэла Касцюкевіч пакінула прысуд у сіле, а скаргу — без задавальнення.
З 28 чэрвеня 2023 года Андрэй Дзмітрыеў пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі № 3.
14 ліпеня 2023 г. МУС унесла палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".
Раней Андрэй Дзмітрыеў ужо быў палітвязнем. У 2010 годзе ён быў начальнікам выбарчага штабу Уладзіміра Някляева на прэзідэнцкіх выбарах. Затрыманы 19 снежня 2010 года і змешчаны ў СІЗА КДБ. 3 студзеня 2011 году вызвалены з падпіскай аб нявыездзе. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, пазней у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх. 20 траўня 2011 году суддзя Фрунзенскага раёна горада Миінска Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.
Былы калега распавёў "Радыё Свабода" пра палітвязня ў кастрычніку 2023 г.:
"Працуе на вытворчасці па здабычы каляровых металаў з кабеляў — ачышчаюць старыя драты ад ізаляцыі. Праца нялёгкая, але ён чалавек працавіты, карпатлівы, засвоіў і гэтую. План выконвае.
Схуднеў, але адчувае сябе нармальна, на здароўе не скардзіцца. Падцягваецца на турніку, адціскаецца, займаецца гімнастыкай. У вольны час шмат чытае, вучыцца.
Яшчэ ведаем, што Андрэй займаецца самаўдасканаленнем: вучыцца пісаць левай рукой. Навошта яму гэта, невядома, але вось ён такі. Таксама па самавучыцелях вучыцца шахматам і вывучае гішпанскую мову. Карацей, максымальна карысна выкарыстоўвае час, які даводзіцца пражываць за кратамі. Яму выходзіць на волю ў кастрычніку налета."
Выйшаў на волю 20 красавіка 2024 г.
Паўтара года калоніі прысудзілі экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Дзмітрыеву
Прызначаная дата суда над былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым