Аліна Войцех
Былая палітзняволеная
Дата нараджэння: 29 чэрвеня 1995
Дата затрымання: 12 снежня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў
Вынік суда: 2 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 14 кастрычніка 2022
Справы: Пратэсты Мінск
Аліна Ігараўна Войцех — жыхарка Мачулішчаў (Мінскі раён), абвінавачаная ў гвалце над міліцыянтам па арт. 364 Крымінальнага кодэксу.
Аліну затрымалі 29 лістапада 2020 года і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Згодна з абвінавачваннем, у РУУС Войтех пагражала аднаму з міліцыянтаў, сарвала з яго маску, вырывалася, штурхала і ўкусіла за сцягно, чым прычыніла фізічны боль.
Дзяўчыну тады асудзілі на 13 сутак, а 12 снежня 2020 года і змясцілі пад варту, прад'явіўшы абвінавачванне.
На судзе Аліна Войцех віны не прызнала. Згодна з яе паказаннямі, міліцыянт у цывільным, які знаходзіўся ў кабінеце падчас афармлення пратаколу пасля пытання Аліны "А вы хто?" першы схапіў яе за куртку, пачаў штурхаць, затым выштурхнуў у калідор і два разы ўдарыў далонню па твары. Пасля гэтага Аліна ўкусіла яго за нагу вышэй за калена, а ў адказ міліцыянт кінуў яе на падлогу і нагой наступіў ёй на твар.
26 студзеня 2021 г. суд Цэнтральнага раёна прызнаў Аліну Войцех вінаватай і пакараў двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Палітзняволеная цалкам адбыла пакаранне і 14 кастрычніка 2022 г. выйшла на волю з ПК № 4.