Аліна Горава (Крывашэй)
Былая палітзняволеная
Дата нараджэння: 19 красавіка 2002
Дата затрымання: 27 сакавіка 2023
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў
Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")
Суддзя: Сасноўскі Дзмітрый, Паўлава Валянціна
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Аліну Артураўну Гораву (Крывашэй) затрымалі 27 сакавіка 2023 году ў Круглым. Увечары яна пайшла ў Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе аб удзеле ў мірных акцыях пратэсту і на волю ўжо не выйшла — была затрымана на трое сутак.
Спачатку яе ўтрымлівалі ў мясцовым ІЧУ ў жорсткіх умовах: у камеры холадна, спіць на дошках і накрывацца забаронена нават сваім адзеннем. Праз гэта ў яе абвастрыліся хранічныя захворванні нырак і жаночых органаў. Увечары 30 сакавіка Аліне стала дрэнна, таму ёй выклікалі хуткую дапамагу. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, бо нібыта ў СІЗА, куды яе павінны былі перавесці, ёсць дзённы стацыянар.
Але ў магілёўскай турме № 4 у медыцынскай дапамозе Аліне адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і гаспіталізаваць.
Дзяўчыну абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Суд над палітзняволенай Алінай Горавай (Крывашэй) пачаўся 27 траўня 2023 г. у судзе Круглянскага раёна. Працэс вёў суддзя Дзмітрый Сасноўскі.
30 траўня 2023 г. у судзе Круглянскага раёна палітзняволеную асудзілі на адзін год "хатняй хіміі". Аліну, у якой у турме абвастрыліся праблемы са здароўем, вызвалілі ў зале суда пасля двух месяцаў зняволення.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, летам Аліна знаходзілася пад хатнім арыштам па новай крымінальнай справе паводле арт. 342 КК.
29 жніўня 2023 г. у Магілёўскім абласным судзе разгледжана апеляцыйная скарга палітзняволенай, камісіяй пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Крэнжыеўскага. Гэты суд адмяніў прысуд круглянскага — ад 30 траўня 2023 г. Справа была накіраваная на новы разгляд.
6 верасня 2023 г. у раённым судзе Круглага Аліну асудзілі на 1,5 гады "хатняй хіміі". На гэтым судзе яна лічылася несудзімай.
25 верасня 2023 г. у судзе Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава разглядала справу Аліны па арт. 342 ч. 1 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вынік пакуль невядомы.
У Круглым трох чалавек асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту, сярод іх — двойчы палітзняволеная
У Круглым за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі трох чалавек