Вітольд Ашурак
актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ, памёр у калоніі 21 траўня 2021 года
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 13 кастрычніка 1970
Дата затрымання: 19 верасня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў
Вынік суда: 5 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Філатаў Максім
Памёр у турме
Групы: Актывісты
Вітольд Міхайлавіч Ашурак — актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ. Каардынатар руху «За свабоду». Не раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Падымаў экалагічныя пытанні: ён змагаўся супраць шкоднай вытворчасці шкловаты. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясціны паўстанцаў Каліноўскага: яны ставілі крыжы на месцы пахавання паўстанцаў па ўсёй Гарадзеншчыне. Зрабілі помнік паміж вёскамі.
Доўгі час працаваў выдзімальнікам на шклозаводзе, рабіў рамонт кватэр.
Палітыкай Вітольд зацікавіўся 10 гадоў таму. Знянацку вырашыў паехаць на Плошчу-2010. Атрымаў свае першыя 12 дзён арышту. Пасля выхаду адразу ўступіў у партыю БНФ, стаў сябрам сойму БНФ. Пачаў гаварыць па-беларуску.
Вітольд Ашурак меў сярэднюю адукацыю. «Калі ў яго пыталіся, якая ў яго адукацыя, ён любіў паўтараць: „Мая адукацыя найлепшая — я самавук“. Ён вельмі гісторыяй цікавіўся, гісторыяй мастацтва. Горы кніг пра гэта прачытаў. Турызмам цікавіўся. Мы ж кожны год сплаўляемся на плытах па Нёмане», — прыгадвае лідскі актывіст, сябра Ашурка Сяргей Пантус.
«Вітольд — гэта адзін з самых прынцыповых, сумленных і сапраўдных людзей, з якімі я знаёмая. Мне здаецца, што ў свабоднай Беларусі ён будзе сапраўды вялікім рэгіянальным палітыкам», — выказалася пра Вітольда ягоная паплечніца і сяброўка Вольга Быкоўская.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 (Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) Крымінальнага кодэкса.
Без тлумачэння канкрэтных прычын суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, спаслаўшыся на 23 артыкул Канстытуцыі і “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”. 18 студзеня 2021 года ён прысудзіў Ашурку 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
«Я нікога не забіў, нікога не падмануў, нічога ня скраў. Я рабіў так, як патрабуе маё сумленне», — прыгадвае словы Вітольда Сяргей Пантус.
«Вось ужо тры месяцы я ў турме. І я ўважліва прыслухоўваюся да сябе — ці не стаў я менш свабодны ў інтэр’ерах з тоўстымі сценамі і жалезнымі дзвярыма з "кармушкай"? Ці пазбавіў мяне будынак былога езуіцкага калегіума свабоды маіх думак? Мае ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, з жонкай, з сябрамі, але яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да маіх думак! Я па-ранейшаму свабодны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!» — так напісаў Вітольд у лісце ў рэдакцыю газеты «Новы час».
21 траўня 2021 года Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца. Яму было 50 гадоў.
"Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства", — Андрэй Ашурак
"Мораць голадам і холадам". Новыя сведчанні пра катаванні і акалічнасці смерці Вітольда Ашурка ў ПК-17
"Мэтай было не забіць, а зламаць маральна". Яшчэ адзін былы вязень шклоўскай калоніі расказаў сваю версію смерці Вітольда Ашурка
Акцыі салідарнасці па ўсім свеце: як прайшоў Дзень палітвязня ў Беларусі
На судзе і ў труне. Падкаст памяці Вітольда Ашурка – палітвязня, які памёр у калоніі
"Спыняцца ніхто не збіраецца". Распавядаем, што цяпер з расследаваннем смерці ў калоніі Вітольда Ашурка
Застанецца свабодным навечна. У зняволенні памёр Вітольд Ашурак
"У снах да мяне прыходзіць маці"
Справа Вітольда Ашурка
Суд па крымінальнай справе актывіста Ашурка зрабілі закрытым з-за "пагрозы дзяржаўнай бяспецы"