Вікторыя Навіцкая
Былая палітзняволеная
Дата нараджэння: 7 студзеня 1990
Дата затрымання: 25 траўня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Шчоткіна Юлія
Іншыя пазнакі: Вайна ва Украіне
Справы: Пратэсты Мінск
Вікторыя Віктараўна Навіцкая — сястра добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага Яна Мельнікава. Была затрымана напрыканцы траўня 2022 года. Пасля двух адміністрацыйных арыштаў працягласцю 26 сутак жанчына не выйшла на волю, а была перазатрымана па крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Жанчыну змясцілі ў СІЗА.
Былая сукамерніца распавядала пра Вікторыю:
"Віку затрымалі ў канцы траўня і асудзілі паводле дзвюх адміністратывак. За гэты час у яе знайшлі фатаграфіі з Марша і распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Ейны пераслед — гэта 100% помста за брата. За два дні да суда Вікі супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага, у тым ліку яе брата, завялі крымінальную справу. Яна сядзела перад тэлевізарам са слязьмі на вачах і казала: "Усё, я еду на калонію". У яе суд прайшоў за дзве гадзіны — абвінавачванне, чытанне справы, допыт сведак, спрэчкі бакоў, вынясенне прысуду. Гэта быў цырк".
Да затрымання Віка штомесяц хадзіла ў ГУБАЗіК, і там з ёй праводзілі гутаркі з нагоды брата па чатыры гадзіны. Як яна расказвала, гэта было рэгулярна. Але яна была спакойная, бо яна нічога супрацьпраўнага не здзяйсняла. Але потым, як высветлілася, за ёй доўга сачылі і выпампавалі з Telegram перапіску з братам. Там яна брату пісала, што не збіраецца выкарыстоўваць нейкія сілавыя метады барацьбы, а толькі мірныя. І гэта яе выратавала ад лішніх артыкулаў, якія на яе маглі б навешаць".
13 кастрычніка 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволеную асудзілі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У студзені 2023 г. Вікторыю этапавалі з мінскага СІЗА-1 у гомельскую жаночую калонію № 4.
Палітзняволеную асудзілі да паўтара года калоніі паводле "народнага" артыкула
Суддзя Юлія Шчоткіна агучыла такі вырак 13 кастрычніка 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска.