Віктар Акцістаў

студэнт

Дата нараджэння: 11 траўня 2000

Дата затрымання: 21 верасня 2020

Прад'яўленыя абвінавачванні:

арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў

Вынік суда: 2 гады і 6 месяцаў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

Дата вызвалення: 31 снежня 2022

Суддзя: Запаснік Марына

Пракурор: Рамановіч Аляксандр

Сімвалічны/ая хросны/ая: Нікалас Вальдэр, дэпутат Швейцарскай нацыянальнай рады

Віктар Леанідавіч Акцістаў — студэнт 4 курса Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, вывучаў спецыяльны пераклад на факультэце бізнесу і права. Нарадзіўся ў горадзе Новалукомль Віцебскай вобласці, але апошнія гады жыў у Мінску.

Віктар асуджаны судом Ленінскага раёна 30 снежня 2020 г. на 2,5 гады калоніі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня. Пад вартай знаходзіўся з 21 верасня. Быў моцна збіты пры затрыманні 10 жніўня, бацькі на працягу некалькіх дзён не маглі знайсці яго.

Палітвязень адбываў пакаранне ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15.

Віктар цалкам адбыў тэрмін і 31 снежня 2022 г. выйшаў на волю.

Экс-палітвязень Віктар Акцістаў: "Самым цяжкім было няведанне таго, за што нас караюць"

Віктар распавёў "Вясне" пра тое, як працаваў на вытворчасці дранкі ў калоніі, якую неўзабаве закрылі праз санкцыі; як разбіраў велізарнае кола БЕЛАЗа, пра бессэнсоўныя парушэнні, а таксама пра тое, як гэта, мець статус палітвязня ў калоніі.

«Хачу, каб ведалі ўсе: мы Віцем ганарымся!»

Маці палітзняволенага Віктара Акцістава Валянціна працуе настаўніцай матэматыкі ў адной з мінскіх гімназій. Усё часцей раніцамі ёй хочацца патэлефанаваць на працу і сказаць, што выйсці на яе яна не зможа праз уласны боль… Як жыве маці палітзняволенага, калі некаторыя працягваюць лічыць, што яе сын — злачынца, бо знаходзіцца за кратамі?

Студэнта асудзілі на 2,5 гады калоніі за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 10 жніўня

Суд Ленінскага раёна 30 снежня асудзіў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня 20-гадовага студэнта 4 курса Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці Віктара Акцістава. У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрымання незнаёмага хлопца каля гасцініцы "Юбілейная" — у выніку гэтага ён нанёс супрацоўніку АМАПу некалькі ўдараў. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік мінскага АМАПа, чые анкетныя звесткі былі змененыя ў судзе «ў мэтах бяспекі». Ад дзеянняў студэнта АМАПавец атрымаў толькі лёгкія ранкі і драпіны на лбе, але маральныя пакуты ацаніў у 2000 рублёў, родныя студэнта пакрылі шкоду падчас судовага перапынку. Суддзя Марына Запаснік прызнала хлопца вінаватым і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 2,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў старшы памочнік пракурора раёна А. Рамановіч.

«Артыкул мянялі тройчы». Як «шыюць» справы аб масавых закалотах і гвалце над міліцыянтамі

У Беларусі множацца справы паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу – «Гвалт у дачыненні працаўнікоў унутраных справаў». Віктар Акцістаў, 20-гадовы студэнт Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасці, ужо амаль тры месяцы застаецца ў СІЗА на Валадарскага. Валянціна Акцістава распавяла belsat.eu гісторыю сына. 10 жніўня Віктар ішоў ад сябра ў кірунку метро, каля Нямігі яго затрымалі сілавікі. Маладзёна моцна збілі, адвезлі ў Жодзіна, а потым нечакана выпусцілі сярод ночы. Хлопец спрабаваў вярнуцца да нармальнага жыцця, але 21 верасня яго зноў затрымалі ды абвінавацілі ў збіванні амапаўца.

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»