Валянцін Губар
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў
Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")
Суддзя: Шут Юлія
Мінск: 1,5 гады «хатняй хіміі» за каментар у адрас супрацоўніка АУС
19 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска разгледзеў справу Валянціна Губара, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады».
Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Юлія Шут.
Валянціна Губара абвінавачваюць у тым, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» пад пастам пра супрацоўніка АУС ён напісаў каментар, у якім размясціў пра яго асабістую інфармацыю, яго фатаграфію, а таксама нецэнзурныя словы у яго адрас.
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і патлумачыў, што «паддаўся ўсеагульнаму негатыўнаму настрою, у сувязі з чым пакінуў пад публікацыяй абразлівы каментар».
З абвешчаных падчас судовага пасяджэння паказанняў пацярпелага стала зразумела, што сваю фатаграфію ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» пацярпелы ўбачыў сам, калі маніторыў яго ў працоўных мэтах. Па словах пацярпелага, каментар, які пра яго напісаў Губар, абражае яго і дыскрэдытуе як супрацоўніка АУС.
Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Валянціна Губара вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады» і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 1,5 года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Змякчальнымі абставінамі суд палічыў чыстасардэчнае прызнанне і тое, што Губар кампенсаваў шкоду пацярпеламу.
У тэрмін адбыцця пакарання быў залічаны тэрмін папярэдняга ўтрымання пад вартай з разліку, што адзін дзень утрымання пад вартай роўны двум днях абмежавання волі.