Валерый Нямкевіч

Прад'яўленыя абвінавачванні:

арт. 370 Крымінальнага кодэкса — Здзек з дзяржаўных сімвалаў

Вынік суда: 1 год

Від пакарання: абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")

Дата вызвалення: 10 верасня 2022

Суддзя: Данільчык Сяргей

Пракурор: Пасемка Святлана

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў 30 жніўня 2021 года разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да 21-гадовага Валерыя Ігаравіча Нямкевіча, якому інкрымінавалі здзек з дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК).

Справу разглядаў суддзя Сяргей Данільчык, бок дзяржабвінавачання падтрымлівала Святлана Пасемка.

Паводле абвінавачання, 17 красавіка Валерый Нямкевіч "меў намер на здзек і імкненне публічна прадэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, у прысутнасці іншых грамадзян выявіў паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны — сарваў са сцяны ЖРЭА разам з кранштэйнам дзяржаўны сцяг, пранёс яго да лаўкі насупраць Дома гандлю "Радуга" і пакінуў там. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Віну Валерый Нямкевіч прызнаў цалкам. Суду растлумачыў, што ў той вечар адпачываў у кампаніі сяброў у бары, а калі бар зачыніўся — яны накіраваліся ў бок плошчы. Па дарозе абвінавачаны зняў сцяг з будынка ЖРЭА, далей кампанія пайшла да плошчы, дзе ўбачыла аўтамабіль міліцыі, таму Валерый пакінуў сцяг на лаўцы.

ЖРЭА не заяўляла аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, бо ў дасудовым парадку сам абвінавачаны звяртаўся ў арганізацыю і кампенсаваў прычыненую шкоду ў памеры 33 рублёў 74 капеек. Таксама Валерый Нямкевіч хадайнічаў аб вызваленні яго ад крымінальнай адказнасці, паколькі ён раней не быў судзімы, вярнуў сцяг у належным выглядзе, ніякіх прэтэнзій ЖРЭА яму не прад'яўляла, казаў, што гатовы панесці адміністрацыйную адказнасць. Суд далучыў хадайніцтва да матэрыялаў справы.

У спрэчках бакоў Святлана Пасемка прасіла суд прызнаць Валерыя Нямкевіча вінаватым і пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год. Менавіта такое рашэнне і вынес суддзя Сяргей Данільчык.

Пакаранне Валерый адбываў у ПУАТ № 55

Па падліках праваабаронцаў выйшаў на волю восенню 2022 г. 

Адзін год “хіміі” за сарваны са сцяны сцяг

 

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»