Уладзімір Астапенка
Дата нараджэння: 13 лістапада 1962
Вынік суда: 5 гадоў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
Групы: Дзяржслужачыя
Іншыя пазнакі: Завочныя суды
Уладзімір Аркадзевіч Астапенка да 2020 года працаваў паслом Беларусі ў Аргенціне. Ён падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня 2020 года, заявіўшы, што верыць "у лепшую будучыню для беларускага народа". У хуткім часе Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага рангу "ў сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе". Астапенка быў не згодны з такой фармулёўкай прычыны свайго звальнення і спрабаваў праз суд яе змяніць, аднак безвынікова. Уладзімір вымушаны быў пакінуць Беларусь.
Затым ён далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай і цяпер працуе ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. У дачыненні да экс-амбасадара 21 снежня 2022 года была распачатая спецвытворчасць.
У парадку спецыяльнай вытворчасці ў судзе Савецкага раёна Мінска яго завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў) паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай).
Аб вынесеным рашэнні 17 лютага 2023 года паведаміла на сваім сайце пракуратура.
Таксама яго завочна пазбавілі права ў Беларусі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін пяць гадоў. Пры гэтым, яго вызвалілі ад пакарання на адзін год паводле Закона ад 7 снежня 2022 года "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства". Пад арыштам засталася маёмасць Астапенкі — зямельны надзел і садовы дом — у кошт штрафу.
Яму налічылі шкоду звыш 6 900 тысяч рублёў.
Былога амбасадара Уладзіміра Астапенку завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі і буйнога штрафу