Павел Дрозд
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 24 студзеня 1986
Дата затрымання: 3 лістапада 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- арт. 349 Крымінальнага кодэкса — Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі
- арт. 341 Крымінальнага кодэкса — Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці
- арт. 352 Крымінальнага кодэкса — Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй
- арт. 350 Крымінальнага кодэкса — Знішчэнне, блакаванне ці мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі
- арт. 354 Крымінальнага кодэкса — Распрацоўка, выкарыстанне, распаўсюд або збыт шкоднасных камп’ютарных праграм
Вынік суда: 3 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 6 лютага 2023
Суддзя: Хвайніцкая Жанна
Справы: Пратэсты Мінск
Заява аб прызнанні палітвязнем
Сімвалічны(ая) хросны(ая): Вэндзі Чэмберлен, дэпутатка брытанскай Палаты абшчын
Павел Міхайлавіч Дрозд быў затрыманы 3 лістапада 2020 г. па падазрэнні аб узломе камп'ютарнай сеткі Мінгарвыканкама (ч. 2 арт. 349 КК) і па падазрэнні ў здзяйсненні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Пазней яму былі прад'яўлены абвінавачванні па гэтых артыкулах.
Знаходзіўся ў следчым ізалятары ў Жодзіне, пасля быў пераведзены ў мінскі СІЗА-1.
24 лістапада 2021 г. распачаўся працэс над Паўлам, на якім былі агучаныя шэсць інкрымінаваных артыкулаў КК: ч. 1 арт. 350 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), ч. 1 арт. 354 (выкарыстанне шкоднасных камп'ютарных праграм), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах), ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Суддзя Жанна Хвайніцкая пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме, бо "ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу".
У судзе Заводскага раёна Мінска 28 студзеня 2022 г. агучылі прысуды чатыром палітвязням па "справе ўзлому камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама". Братоў Кіма і Аляксея Самусенкаў асудзілі да 6,5 і 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму адпаведна, Паўла Дразда і Івана Андрушойця — да трох з паловай гадоў калоніі кожнага.
У сярэдзіне сакавіка 2022 г. быў пераведзены з СІЗА-1 у СІЗА-2.
26 красавіка 2022 г. Мінгарсуд разгледзеў апеляцыйную скаргу: Паўлу Дразду і Івану Андушойцю зменшылі прысуд на паўгода — да трох гадоў зняволення.
У канцы траўня 2022 г. Паўла этапавалі ў наваполацкую ПК № 1.
Палітзняволены цалкам адбыў пакаранне і 6 лютага 2023 г. выйшаў на волю.
Ад 3,5 да 6,5 гадоў калоніі — прысуды чатыром палітвязням па "справе ўзлому камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама"
Суд па "справе ўзлому камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама" зрабілі закрытым